Каля „Поедем, поедим” працягваюцца вахты



Ад апошняга дамка забаўляльнага комплексу – да апошняга курапацкага крыжа ўсяго 50 метраў. Абаронцы спрабуюць не прапускаць да рэстарана патэнцыйных наведвальнікаў. Беларускія апазіцыйныя палітыкі згодныя ў тым, што пытанне з рэстаранам каля памятнага ўрочышча – улада можа вырашыць за адну хвіліну.

Кажа сябра Сойму Партыі БНФ – Ігар Лялькоў:

– Улады маюць усе інструменты хуткага вырашэння гэтай сітуацыі. Трэба праводзіць пракурорскае расследванне, якім чынам гэтая ўстанова ўвогуле паўстала ў Курапатах. Я думаю, што да таго часу, як гэтае расследванне будзе праведзена, праца гэтай установы павінна быць спынена. Гэта ўлады могуць зрабіць у любы момант, хоць сёння, хоць заўтра. Ці будуць яны гэта рабіць, гэта пытанне, але думаю, што грамадскі ціск на ўлады можа паспрыяць развіццю падзеяў менавіта ў гэтым кінурунку.

“Сітуацыяй з Курапатамі ўлада загнала сябе ў тупік”, – у сваю чаргу адзначае старшыня Руху “За Свабоду” – Юрась Губарэвіч:

– З аднаго боку яны не могуць спыніць пратэсты, грамадская думка на баку тых людзей, якія патрабуюць закрыцця забаўляльнай установы ў Курапатах. З іншага боку, зрабіўшы такія рашучыя крокі па закрыцці гэтай установы, яны прызнаюць, што самі нарабілі памылак, альбо нават злачынства парушаючы законы, калі былі дадзеныя адпаведныя дазволы. Таму занятая пазіцыя чакання, але я думаю так ці інакш гэты бізнес не зможа існаваць.

Акцыі пратэсту супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля месца расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій — урочышча Курапаты пад Менскам — праходзяць штодня з 31 траўня.

Беларускае Радыё Рацыя