Янукевіч: Будаўніцтва БелАЭС павялічвае залежнасць Беларусі ад Расеі



Група еўрапейскіх рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі (ENSREG) апублікавала справаздачу аб выніках партнёрскай праверкі вынікаў стрэс-тэстаў Беларускай АЭС і сумесны з Дзяржатамнаглядам прэс-рэліз. Справаздача еўрапейскіх рэгулятараў па БелАЭС апынулася агульным чынам станоўчай, але з шэрагам рэкамендацыяў.  Паводле высноў экспертаў, «Беларусь выканала свае добраахвотныя абавязацельствы па правядзенні стрэс-тэстаў Беларускай АЭС шляхам падрыхтоўкі Нацыянальнага дакладу. У сваю чаргу намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч звяртае ўвагу на тое, што праект БелАЭС носіць эксперыментальны характар і нясе пагрозу беларускай незалежнасці.

– Будаўніцтва расейцамі АЭС у Беларусі не спрыяе памяньшэнню залежнасці Беларусі ад Расеі, а наадварот павялічвае прывязку да Расеі. Таму што і тэхналогія расейская. Прычым гэта фактычна эксперыментальная тэхналогія, таму што такіх рэактараў “Росатам” яшчэ не будаваў. 

У справаздачы разглядаліся тры важныя тэмы: уплыў на АЭС землятрусаў і іншых экстрэмальных умоў надвор’я, ацэнка стану станцыі пры страце электраэнергіі і ацэнка бяспекі АЭС. Эксперты адзначаюць, што ў цэлым структура сейсмічнага праектавання БелАЭС адпавядае бягучай міжнароднай практыцы, МАГАТЭ і міжнародным узроўням бяспекі. Сярод рэкамендацый Дзяржатамнагляду – забеспячэнне своечасовай рэалізацыю мер па павышэнні бяспекі, прымаючы пад увагу практыку ЕЗ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН