Чаму карупцыянеры не баяцца “набіваць кішэні”?



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў пра тое, калі ў Беларусі чыноўнікі перастануць браць хабар.

Чарговы карупцыйны скандал — у Браслаўскім раёне. Старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і яго жонка Алена Дранеўская, начальнік аддзела эканомікі выканкама, затрыманыя і знаходзяцца ў следчым ізалятары. Іх падазраюць у карупцыі.

Між тым, у Беларусі барацьба з карупцыяй нагадвае барацьбу з цмокам: адсякаюць адну галаву – вырастаюць тры.

Гары Паганяйла: Пакуль у Беларусі сістэма ўлады будзе пабудавана такім чынам, як зараз, карупцыянеры былі, ёсць і будуць. У краіне негалосна размяркоўваецца бюджэт, каштарыс і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, якія трапляюць у рукі чыноўнікаў без галоснага кантроля з боку грамадскай супольнасці і незалежных СМІ. А калі такога няма, то нічога і не зменіцца. Прырода карупцыі заключаецца ў тым, што, калі ёсць рычагі размеркавання нацыянальных багаццяў, то знойдуцца і тыя, хто паквапіцца на іх. Пры гэтым тыя чыноўнікі, якія крадуць, разумеюць, што ў сваім рэгіёне яны маюць уладу, а значыцца пакараны не будуць.

РР: Чаму б не зрабіць празрыстымі ўсе даходы чыноўнікаў альбо тое, за якія сродкі яны набываюць нерухомасць?

Гары Паганяйла: Безумоўна, гэта неабходна, бо калі чыноўнік будуе катэдж за паўмільёна даляраў, то ў людзей узнікае шэраг пытанняў. Але ж празрыстасці ў гэтым няма і не будзе. Атрымліваецца, што ўлада сама ахоўвае многіх карупцыянераў. Пры гэтым уся ўлада ў мясцовых князькоў сканцэнтравана ў адных руках. І нават, калі яго адправяць за краты, то чыноўнік заўсёды можа напісаць прэзідэнту прашэнне аб памілаванні і адкупіцца ад турмы. Бо існуюць прававыя нормы, згодна з якімі, калі кампенсуеш шкоду ў кратным памеры, то да суда справа можа і не дайсці. А калі і дойдзе, то праз некалькі месяцаў могуць выпусціць і адправіць кіраваць калгасам. Таму крадуць, што называецца, пра запас. Каб кампенсаваць дзяржаве шкоду, але яшчэ і сабе каб засталося. Вось і атрымліваецца, што не баяліся чыноўнікі браць хабар і не баяцца. Крымінальная справа для іх – непрыемная справа, але не смяротная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя