Алег Трусаў: Мы перадалі публікацыю міністру інфармацыі



Выконваючы абавязкі рэктара Нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў распавёў пра тое, як ён адрэагаваў на крытыку ў раённай газеце.

Лідcкія актывісты Партыі БНФ напісалі скаргі ў райвыканкам і праваахоўныя органы з нагоды публікацыі ў раённай “Лідскай газеце” тэксту з ацэнкамі беларускай мовы і яе носьбітаў.

Аўтар артыкула выказаў таксама сумнеў, ці патрэбны ў Беларусі Нацыянальны ўнівэрсітэт імя Ніла Гілевіча, які нядаўна быў зарэгістраваны сябрамі Таварыства беларускай мовы.

Алег Трусаў: У Лідзе каля 500 сяброў Таварыства беларускай мовы, таму мне адразу распавялі пра артыкул у мясцовай газеце. Пасля гэтай публікацыі актывісты пачалі пісаць лісты ў пракуратуру, а рэдактарка, як высвятлілася, сыйшла ў адпачынак. Старшыня Таварыства беларускай мовы і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім адразу ж перадала гэтую газету міністру інфармацыі і запытала: “Гэта заказ дзяржавы ці самадзейнасць рэдактара раённай газеты?” Аказваецца, аўтар артыкула – адэпт “расейскага свету”, хаця з іншага боку яму можна і выказаць падзяку – ён добра прарэкламаваў Нацыянальны ўніверсітэт. У Лідзе зараз дакладна будуць ведаць пра нашу ўстанову. А нашы актывісты гэтую справу так проста не пакінуць.

РР: Чаму ў дзяржаўных СМІ з’яўляюцца такія публікацыі?

Алег Трусаў: Я ж не ведаю, чым кіравалася рэадактарка газеты. Але мне дакладна вядома, што копія артыкула ўручана міністру інфармацыі, і ён няхай думае, якую ацэнку даць гэтай “творчай працы”. Дарэчы, як толькі ў “Советской Белоруссии” быў надрукаваны пасквіль супраць беларускамоўнага ўніверсітэта і ТБМ, праз два тыдні пасля гэтага знялі з пасады галоўнага рэдактара газеты Паўла Якубовіча. Можа супадзенне, а можа і не…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя