Экспарт беларускага малака ў Кітай павялічыўся ў пяць разоў



Экспарт беларускай малочнай прадукцыі ў Кітай у студзені-траўні 2018 года вырас у пяць разоў у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 6 ліпеня намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнік створанай урадам у канцы чэрвеня рабочай групы для выпрацоўкі аператыўных прапаноў па пытаннях паставак харчавання ў КНР Ігар Брыла.

Паводле яго слоў, аб’ём экспарту ў вартасным выражэнні склаў каля 10 млн долараў. „Для паставак на кітайскі рынак у нас ужо адкрыта 47 малочных прадпрыемстваў, два мясакамбінаты і пяць птушкафабрык. Экспарт малочнай прадукцыі расце, пачаліся першыя пастаўкі ялавічыны”, — сказаў намеснік міністра.

Брыла паведаміў, што неўзабаве плануецца пачаць пастаўкі на кітайскі рынак мяса птушкі. „Атрыманы дазвол на экспарт замарожанай тушкі ў Кітай, але мы зацікаўлены ў пастаўках таксама частак тушкі і паўфабрыкатаў. Думаю, у найбліжэйшы час зможам пашырыць асартымент экспартных паставак у гэту краіну”, — сказаў ён.

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі падкрэсліў, што пры ўваходзе на рынак КНР з-за яго высокай насычанасці беларускія прадпрыемствы вымушаны выкарыстоўваць „жорсткі маркетынг”. Аднак, лічыць ён, збыту імпартнай, у тым ліку беларускай, прадукцыі спрыяе змена харчовых прыхільнасцяў кітайцаў ад традыцыйнай кухні ў бок інтэрнацыянальнай і еўрапейскай.

Як паведамлялася раней, Беларусь у 2018 годзе плануе паставіць у Кітай сухога малака на 30 млн долараў і першую партыю мяса птушкі на 5 млн. Пагадненні аб гэтым падпісаны 8 чэрвеня ў кітайскім Цындаа ў рамках візіту Аляксандра Лукашэнкі.

У 2017 годзе экспарт беларускіх прадуктаў харчавання ў Кітай склаў 9,9 млн долараў, з якіх 6,3 млн — пастаўкі малочнай прадукцыі (ультрапастэрызаванае малако ў пакетах, сухая сыроватка, алей, сыры). У красавіку 2018 года пяць беларускіх прадпрыемстваў атрымалі права пастаўляць мяса птушкі на кітайскі рынак (Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка, Віцебская птушкафабрыка „Ганна”, „Сервалюкс”, ААТ „Агракамбінат „Дзяржынскі” і ААТ „Птушкафабрыка „Дружба”).

belapan.by