Бельгія перамагла Бразілію і выйшла ў паўфінал ЧС



Бразіліі фатальна не шанцавала з першых хвілін паядынку з Бельгіяй. Пасля стартавага штурму пентакампеонаў на 8-й хвіліне бельгійцаў і іх разгубленага брамніка Цібо Куртуа ўратавала штанга. А на 13-й каманда з Еўропы атрымала права на першы кутні. Пасля яго падавання мяч ад Фернандзіньё (менавіта ён замяніў у складзе бразільцаў апорніка Каземіра) па-здрадніцку заляцеў у сетку. Жоўта-сінія неяк наіўна кінуліся адыгрывацца, агаляючы тылы. Правальвалася зона Марсэла, які рэгулярна бегаў у атаку. Пару момантаў селесао стварылі, але на вышыні быў Куртуа. Бельгійцы ж элегантна кантралявалі мяч і перыядычна джалілі контрвыпадамі. У час аднаго з іх “бульдозер” Рамелу Лукаку працягнуў мяч з паўполя, аддаў у належны момант яго Кевіну дэ Бройне, а галоўны футбольны эстэт Бельгіі па-більярднаму ўзорна завяршыў камбінацыю – 2:0.

Пасля перапынку Цітэ замест інертнага Віліяна кінуў у бой Рабэрта Фірміна, а потым і іншых рэзервістаў, якія яшчэ больш нагняталі тэмп. Нэймар як заўсёды часта падаў, але на гэты раз не валяўся на траве, а хутка падхопліваўся.

На 76-й хвіліне бразільцам урэшце ўдалося скараціць розніцу ў ліку – Куціньё ўзорна выпісаў “парашут”, а Рэната Аўгуста галавой скіраваў мяч у браму. Джокер бразільцаў праз пару хвілін меў шанцы стаць героем усёй нацыі, але стрэльнуў міма. Бельгійцы стараліся кантраляваць хаду паядынку, асабліва ўдала дзеіў Эдэн Азар. І ўсё ж бразільцы маглі перавесці гульню ў авертайм – аднак пасля ўдару Нэймара чорная рука даўгавязага Куртуа ўратавала еўрапейцаў.

Маленькая тэрытарыяльна Бельгія перамагла вялікую Бразілію і выйшла ў паўфінал, дзе спаткаецца з дружынай Францыі.  

Дадамо, што каманда трэнера Рабэрта Марцінеса не прайграе нікому ўжо 24 матчы.      

Бразілія – Бельгія – 1:2 (Фернандзіньё, 13-я, аўтагол, дэ Бройне, 31; Рэната Аўгуста, 76).

Сёння на чэмпіянаце пройдуць яшчэ два чвэрцьфінальныя матчы. А 17-й гадзіне ў Самары пачнецца бітва сапраўдных мужчын – на поле выйдуць паўночныя еўрапейцы – зборныя Швецыі і Англіі. Ранейшы баланс сустрэч практычна роўны – па 7 вікторый, яшчэ 9 нічыіх. На чэмпіянатах свету апаненты сустракаліся 4 разы – усе матчы ў адборы і ў групе завяршаліся ўнічыю: 0:0, 0:0, 1:1, 2:2. У скандынаваў з-за дзвюх жоўтых картак прапусціць гульню правы абаронец Мікаэль Лусціг, у брытанцаў шэраг гульцоў пасля змагання з калумбійцамі траўмаваныя.

А 21-й гадзіне ў Сочы пачнуць сустрэчу Расея і Харватыя. Пасля падазронага матчу ў 1/8-й фіналу расейцаў з іспанцамі, вакол гэтай гульні гаспадароў турніру ходзіць шмат чутак. Ці будзе спабор сумленным на гэты раз – стане ясна ўжо ў першым тайме. Раней супернікі сустракаліся тройчы – дзве нічыі і адна перамога харватаў.

Беларускае Радыё Рацыя