Чаму ў Бярозе забаранілі Купалле?
У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно са старадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі.
Але ў Бярозе ўжо шмат гадоў гэтае свята не святкуецца па прычыне празмернага п’янства моладзі, кажа грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч:
– Моладзь вельмі шмат п’е, а пасля вядзе сябе не вельмі добра. Іх забіралі, адвозілі ў лякарню, прыводзілі ў прытомнасць. У лякарні таксама абурыліся, сказалі, што ім надаела.
Жыхары Бярозы, асабліва моладзь, лічаць, што трэба вярнуць гэтае свята, што нельга губляць беларускія традыцыі:
– На любое свята ўсе п’юць. Што ні свята, то нагода выпіць.
– Стэрэатып, што ўся моладзь п’е. Проста гэта адразу кідаецца ў вочы. Чаму праз тых, хто п’е, забіраюць свята ў іншых людзей?
Паводле людзей, у такім разе трэба адмяняць і іншыя святы. Бо нецвярозых шмат на любых святочных мерапрыемствах. Проста патрэбны перамены ў дзяржаве, каб піць было нецікава і сорамна.
Беларускае Радыё Рацыя