Сусветны банк увязаў выдачу Беларусі пазыкі з праграмай МВФ
Сусветны банк можа выдзеліць Беларусі пазыку на мэты развіцця ў выпадку заключэння краінай крэдытнай праграмы з Міжнародным валютным фондам, гаворыцца ў стратэгіі банка, рэалізацыя якой пачалася 1 ліпеня.
Рамачная стратэгія партнёрства Сусветнага банка для Беларусі разлічана на 2018—2022 гады.
У дакуменце гаворыцца, што Сусветны банк мае намер аказваць Беларусі кансультацыйную дапамогу ў вырашэнні структурных праблем. На думку банка, такога роду дапамогу (напрыклад, па пытаннях інвестыцыйнага клімату, рэструктурызацыі банкаў, дзяржаўных прадпрыемстваў, стварэння сістэмы сацыяльнай абароны насельніцтва) дапаможа знайсці „варыянты для больш маштабных будучых змяненняў”.
Сусветны банк гатовы падтрымаць такія змяненні шляхам выдзялення Беларусі пазыкі на мэты развіцця.
„Магчымасць крэдытавання на мэты развіцця можа быць разгледжана ў будучыні ва ўвязцы з аднаўленнем праграмы з МВФ”, — гаворыцца ў стратэгіі партнёрства Сусветнага банка для Беларусі.
На працягу 2016 года і ў пачатку 2017 года, паведамляе банк, у Беларусі „меліся перспектывы” заключэння праграмы з МВФ і атрымання пазыкі на мэты развіцця ў падтрымку макраэканамічнай стабільнасці, фінансавага сектара і структурных рэформ.
„Аднак пагадненне з МВФ не было заключана, і падрыхтоўка пазыкі на мэты развіцця не была ажыццёўлена”, — канстатуе Сусветны банк.
Пры гэтым банк гатовы вярнуцца да гэтай тэмы ў будучыні.
„Хоць пазыка на мэты развіцця на дадзены момант не плануецца, магчымасць яе выдзялення можа быць разгледжана ў выпадку, калі будзе прынята палітычнае рашэнне аб ажыццяўленні праграмы з МВФ”, — гаворыцца ў новай стратэгіі Сусветнага банка, якая тычыцца Беларусі.
Аўтары стратэгіі нагадваюць, што ва ўмовах эканамічнага спаду ў 2015—2016 гадах Беларусь вяла падрыхтоўку праграмы з Міжнародным валютным фондам, аднак пасля заключэння ў красавіку 2017 года пагаднення з Расеяй аб выдзяленні крэдыту і захаванні льготных цэн на паліўна-энергетычныя рэсурсы, улады краіны прыпынілі абмеркаванне праграмы з МВФ.
„Вопыт апошніх гадоў сведчыць аб тым, што ўзмацненне зацікаўленасці ў паскарэнні працэсу рэформ больш верагоднае толькі ў выпадку пагаршэння сітуацыі з прыцягненнем знешняга фінансавання”, — мяркуюць у Сусветным банку.
На думку Сусветнага банка, паспяховае рэфармаванне дзяржпрадпрыемстваў можа таксама стымуляваць беларускія ўлады рухацца ў гэтым кірунку.
„Акрамя таго, рэзкае пагаршэнне сітуацыі ў эканоміцы можа стаць штуршком да паскарэння працэсу рэформ, асабліва калі не ўдасца забяспечваць далейшыя дамоўленасці з Расейскай Федэрацыяй аб выдзяленні патрабаванага аб’ёму фінансавання. Павольны рост заработнай платы і даходаў можа таксама стымуляваць змяненні палітыкі”, — гаворыцца ў дакуменце Сусветнага банка.
Апошні раз Беларусь атрымлівала ад Сусветнага банка пазыку на мэты развіцця ў 2009 годзе, калі была складзена крэдытная праграма з Міжнародным валютным фондам. Тады пазыку на суму 200 млн долараў Сусветны банк вылучаў Беларусі на пераадоленне наступстваў эканамічнага спаду і правядзення рэформ за кошт умацавання сістэмы сацыяльнай дапамогі. Пазыка была выдзелена на 16 гадоў і прадугледжвае адтэрміноўку пачатку пагашэння на 6 гадоў.