Вольга Нікалайчык і Дзяніс Урбановіч – на волі



Выйшлі на свабоду Вольга Нікалайчык і Дзяніс Урбановіч, прыгавораныя 30 чэрвеня да 10 сутак арышту за акцыі каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Поедем поедим„.

Нікалайчык адбывала арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а Урбановіч — у ізалятары Менскага раёна.

У дачыненні да Урбановіча было складзена дзевяць пратаколаў па арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

Урбановіч і Нікалайчык павінны былі быць вызваленыя ў 11.45. Урбановіча вызвалілі ў гэты час, а Нікалайчык спачатку даставілі ў РАУС Першамайскага раёна, з якога адпусцілі.

Сёння на свабоду павінен таксама выйсці Павел Севярынец. Аднак пра яго лёс пакуль нічога невядома.

Адзін з арыштаваных, які выйшаў на свабоду з ЦІП на Акрэсціна, паведаміў сваякам Севярынца і журналістам, якія прыйшлі сустракаць палітыка, што ён павінен быў выйсці на свабоду ў 11.30. У той жа час жонцы Севярынца Вользе па тэлефоне ў ЦІП паведамілі, што ён павінен выйсці сёння пазней. Аднак час выхаду назваць адмовіліся.

Нагадаем, 2 ліпеня на 10 сутак таксама была арыштаваная ўдзельніца акцый каля рэстаранна-забаўляльнага комплексу „Паедзем паядзім” Наталля Гарачка. 4 ліпеня за ўдзел у акцыях па абароне ўрочышча аштрафаваныя старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і экс-лідар руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Адміністрацыйнымі 10-сутачнымі арыштамі пакараныя рэжысёр Аляксей Туровіч і актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі.

Акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля месца расстрэлаў і пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій — урочышча Курапаты пад Менскам — праходзілі з 31 мая.

БелаПАН