Сінтэтычныя наркотыкі разбураюць інтэлект



У Беларусі, сінтэтычны наркотык пад агульнай назвай “спайс” альбо хімічныя курыльныя сумясі распаўсюджваюць маладзёны ва ўзросце ад 15 да 23 год, а ўжываць пачынаюць з 10 гадоў. Большасць юнакоў паходзіць з добрых сем’яў.

Такую сумную статыстыку падводзяць праваахоўнікі. Так званы “спайс” – катастрофа для моладзі.

Дастаткова аднаго ўжывання, каб развітацца з жыццём ці трапіць у рэанімацыю, адкуль ужо цяжка вярнуцца да нармальнага ладу жыцця.

“Калі раней наркотык меў фізічныя наступствы, то цяпер нішчыць псіхіку”, – кажа супрацоўніца пінскага псіханеўралагічнага дыспасеру Ала Лосіч:

– У 90-2000-ых гадах ішла хваля опіўмных наркаманаў, і наступствы былі больш фізічныя, мы працавалі з фізічнай затарможанасцю, з псіхалагічнай, але захаванасць інтэлекту была на парозе нормы. Што тычыцца наркаманаў спайсавых, салевых, як іх цяпер называць, бачныя яўныя псіхічныя наступствы.

Рэальны маштаб праблемы ніхто не называе, але нават афіцыйная статыстыка сведчыць аб крытычнасці сітуацыі.

Толькі ў Пінску праваахоўнікі затрымалі каля 40 падлеткаў, якія распаўсюджвалі “спайс”, а ў медыкаў юнакі пад наркотыкам ужо сталыя пацыенты.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя