У фінале чэмпіянату свету згуляюць Харватыя і Францыя
Асноўны час другога паўфіналу на чэмпіянаце свету па футболе паміж Англіяй і Харватыяй завяршыўся ўнічыю 1:1. На гол брытанцаў у першым тайме – ужо на 5-й хвіліне мяч са штрафнога забіў Кіран Трып’ер, балканцы адказалі сваім. На 68-й хвіліне лічбы на табло параўняў Іван Перышыч.
Адпаведна былі прызначаныя два дадатковыя таймы па 15 хвілін. На 109-й хвіліне Перышыч зрабіў скідку на Марыё Манджукіча, ангельскія абаронцы праспалі ягоны рывок і форвард харватаў прабіў Пікфарда – 2:1. Адыграцца Англія ўжо не змагла.
Такім чынам у фінале першынства планеты 15 ліпеня сустрэнуцца Харватыя і Францыя. У матчы за бронзу днём раней пазмагаюцца Англія і Бельгія.
Беларускае Радыё Рацыя