У чым феномен зборнай Харватыі?



Экс-настаўнік зборнай Беларусі па футболе Георгій Кандрацьеў распавёў пра ўнікальнасць аднаго з фіналістаў чэмпіяната свету па футболе.

Нагадаем, што 15 ліпеня ў фінале чэмпіянату свету згуляюць зборныя Францыі і Харватыі. Пры гэтым харваты выйшлі ў фінал упершыню ў сваёй гісторыі.

Георгій Кандрацьеў: Па той гульні, што паказвалі харваты на першынстве, іх выхад у фінал – абсалютна заканамерны. І ў матчы з Англіяй яны былі адназначна лепшыя – лепш гулялі, лепш кантралявалі мяч. Па ўсіх паказчыках пераўзышлі англічан.

РР: Такая маленькая краіна – і ў фінале чэмпіяната свету. Сенсацыйны ўзлёт?

Георгій Кандрацьеў: Што з таго, што краіна невялікая? Вы паглядзіце, за якія клубы выступаюць футбалісты зборнай Харватыі. За “Барселону”, “Рэал”, “Баварыю”, англійскія клубы… Так, у Харватыі не самы моцны нацыянальны чэмпіянат, можа быць, не мацнейшы, чым у Беларусі. Больш за тое! У краіне няма практычна ніводнага нармальнага стадыёна. Але ж харвацкія “зоркі” ўсё роўна запатрабаваныя ва ўсіх мацнейшых клубах.

РР: Да моцнага клуба яшчэ трэба дарасці…

Георгій Кандрацьеў: Футбол у краінах былой Югаславіі заўсёды быў моцны. Нават у савецкія часы, калі для многіх нашых футбалістаў дарога ў замежныя клубы была заказана, югаслаўскім футбалістам пасля 28 гадоў гэта рабіць дазвалялася. А зараз і тым больш раз’язджаюцца. Сербы, харваты, македонцы ў футболе маюць прыродны талент. Ды і ў іншых ігравых відах (гандболе, баскетболе) у іх таксама поспехі. Адным словам, у іх ёсць тое, чаго няма у нас. Але талент трэба спачатку знайсці, а затым адшліфаваць яго да ўзроўню “Барселоны” ці “Баварыі”. Як бачым, у Харватыі з трэнерскім працэсам усё нармальна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыя Рацыя