Максім Іўкін: У песні „Купалінка” ёсць канкрэтныя аўтары
Хто напісаў «Купалінку», беларускую песьню-візітоўку? Роўна 10 гадоў споўнілася з моманту ўзнаўлення аўтараў гэтага твору, які дагэтуль лічыцца народным. Кампазітар і даследчык Максім Іўкін упершыню агучыў імёны аўтараў падчас навуковае канферэнцыі ў Беларускай акадэміі музыкі ў 2008-ым, затым з’явіліся адпаведныя публікацыі ў прэсе.
Песня набыла шырокую вядомасць яшчэ напачатку 1920-ых гадоў праз музычны спектакаль «На Купалле», што ставіўся ў Беларускім дзяржаўным тэатры, цяперашнім Купалаўскім, і вытрымаў болей за 400 паказаў. Іўкін сведчыць:
– Пастаноўка грымела не толькі ў Беларусі, яе вазілі і за мяжу, паказвалі, у тым ліку, у Маскве. Быў такі творчы тандэм Еўсцігнея Міровіча, пастаноўшчыка, кампазітара Уладзіміра Тэраўскага і аўтара тэксту п’есы Міхася Чарота. У пастаноўцы гучала яшчэ і аўтэнтычная “Купалінка”. Яна гучала на пачатку спектакля, а ўжо ў кульмінацыйны момант зараджэння пачуцця галоўных герояў з’яўлялася вось гэтая аўтарская мелодыя.
Як даводзіць Максім Іўкін, аўтарства песні «Купалінка» варта пазначаць гэтак: музыка Уладзіміра Тэраўскага, словы народныя ў апрацоўцы Міхася Чарота. Абодва творцы былі расстраляныя НКВД у перыяд Вялікага тэрору. Канкрэтных аўтараў маюць і некаторыя іншыя беларускія песні, што часта пазначаюць як народныя. У прыватнасьці, «Рушнікі», «Зорка Венера», «Люблю наш край» і «Бывайце здаровы».
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя