Менгарвыканкам: Усе каменныя помнікі на Вайсковых могілках захаваюцца



Усе каменныя помнікі на Вайсковых могілках захаваюцца, заявіў намеснік старшыні Менгарвыканкама Віктар Лапцеў 12 ліпеня на прэс-канферэнцыі.

Работы на могілках былі пачаты 4 чэрвеня. Яны выклікалі абурэнне прадстаўнікоў грамадскасці, бо Вайсковыя могілкі ўваходзяць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. На прэс-канферэнцыі ў Менгарвыканкаме журналістам расказалі, як будуць акультурваць могілкі.

 

Як паведаміў Лапцеў, пакуль працы вядуцца на 20% тэрыторыі Вайсковых могілак. „Была праведзеная інвентарызацыя пахаванняў і вызначаны тыя з іх, якія знаходзяцца ў неналежным стане. На могілках больш за 8 тысяч пахаванняў, у неналежным стане дзесьці 3 тысячы. Гэта не значыць, што яны будуць дэмантаваныя пад корань, — з кожным пахаваннем будзе праводзіцца праца. Каменныя помнікі ўсе захаваюцца”, — падкрэсліў прадстаўнік гарадской адміністрацыі.

Паводле яго слоў, паведамленні аб тым, што на канкрэтных пахаваннях будуць праводзіцца работы, былі размешчаныя на могілках яшчэ ў 2015 годзе. Сваякам прапаноўвалася самім правесці добраўпарадкаванне пахаванняў, але гэтага не адбылося.

У межах рэканструкцыі мяркуецца замена агароджаў могілак, устаноўка асвятлення і ўстройства пешаходных дарожак, паведаміў Лапцеў. Паводле яго слоў, „агароджа будзе прыведзеная ў адзіны стыль”.

Праект рэканструкцыі могілак падрыхтаваў „Менскпраект”, але сама рэканструкцыя пакуль не вядзецца, сказаў намеснік старшыні гарвыканкама. Плануецца ўсталяваць новую ўваходную браму, па стылістыцы падобную на Неўскую царкву, якая знаходзіцца на тэрыторыі Вайсковых могілак.

Зараз на могілках паралельна працуюць прадстаўнікі грамадскасці, прыблізна 10 чалавек штодня. Яны прыводзяць у парадак старыя магілы. Як паведаміў БелаПАН Павел Каралёў, сакратар грамадскай назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры, на сённяшні дзень перафарбаваныя і прыведзеныя ў парадак больш як тры дзясяткі пахаванняў.

Паводле яго слоў, рэканструкцыя могілак парушае Кодэкс аб культуры, таму што помнік мае 2-ю катэгорыю ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Аднак, як сцвярджае намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, работы па добраўпарадкаванні Вайсковых могілак, якія праводзяць гарадскія ўлады, не парушаюць ніякіх законаў. „Дарожкі і інжынерныя сеткі сапраўды трэба ўзгадняць ў міністэрстве. Гэта помнік гісторыі, а не архітэктуры, — заявіў ён сёння на прэс-канферэнцыі. — Работы, якія вядуцца на гэтых могілках, рэгулююцца законам „Аб пахаванні і пахавальнай справе”. Ахоўваецца законам сам факт пахаванняў — іх ніхто не пераносіць, а спрэчкі ідуць наконт візуалізацыі”.

Пасля Вайсковых могілак Менгарвыканкам збіраецца на такім жа прынцыпе заняцца добраўпарадкаваннем іншых пахаванняў у сталіцы. „Мы б не хацелі выклікаць негатыў, каб вынікам былі задаволеныя ўсе. Але наводзіць парадак мы на могілках будзем, у тым ліку на Кальварыйскіх”, — падкрэсліў Віктар Лапцеў. Пры гэтым ён удакладніў, што канкрэтных планаў па добраўпарадкаванні Кальварыі пакуль няма.

belapan.by