Больш за 230 тыс. беспрацоўных не стаяць на ўліку ў службах занятасці



У Беларусі больш за 230 тыс. чалавек з’яўляюцца беспрацоўнымі, але не стаяць на ўліку ў службах занятасці. Гэта вынікае з даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па пытаннях занятасці, якія апублікаваны ў штогадовым бюлетэні „Працоўныя рэсурсы і занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.

Павдле даных за 2017 год, якія прыводзяцца ў бюлетэні, у краіне акрамя зарэгістраваных беспрацоўных (33,7 тыс. чалавек) налічвалася 230,8 тыс. „асоб, якія не маюць працы, актыўна яе шукаюць і гатовыя прыступіць да яе” (вызначэнне беспрацоўных па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы).

Агульныя працоўныя рэсурсы краіны па выніках мінулага года склалі 5 млн 745,6 тыс. чалавек, а ў эканоміцы было занята 4 млн 353,6 тыс. чалавек. Адпаведна, іншае працаздольнае насельніцтва, не занятае ў эканоміцы, ацэньваецца ў 1 млн 392 тыс. чалавек.

Такім чынам, акрамя „асоб, якія не маюць працы, актыўна яе шукаюць і гатовыя прыступіць да яе” у эканоміцы па розных прычынах не занятыя больш за 1 млн чалавек, якія знаходзяцца ў працаздольным узросце, у тым ліку 350,3 тыс. чалавек знаходзяцца ў адпачынках па цяжарнасці і родах, а таксама па догляду дзіцяці да трох гадоў. Каля 405 тыс. атрымліваюць адукацыю.

Акрамя гэтага, паводле ацэнак статкамітэта, у краіне 91,6 тыс. асоб вядуць хатнюю гаспадарку, 82,4 тыс. асоб працуюць за мяжой, 38,6 тыс. чалавек лічаць, што няма магчымасці знайсці працу, а 20,8 тыс. чалавек афіцыйная статыстыка адносіць да асоб, „якія не маюць неабходнасці або жадання працаваць”.

У гэтым годзе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны павінна падрыхтаваць адзіную базу даных асоб, якія не занятыя ў эканоміцы. Згодна з пастановай урада № 314 ад 24 красавіка 2018 года, з 2019 года працаздольныя грамадзяне павінны будуць ажыццяўляць аплату паслуг, якія субсідуюцца дзяржавай, па іх поўным кошце (у прыватнасці, з 1 студзеня 2019 года ў поўных тарыфах павінна ажыццяўляцца плата за гарачае водазабеспячэнне, а з 1 кастрычніка — за газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне).

Мяркуецца, што павышаныя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі будуць „стымуляваць працоўную занятасць” той часткі насельніцтва, якая не занятая ў эканоміцы.

Між тым эксперты сумняваюцца ў эфектыўнасці такіх мер.

„Людзей, якія хочуць працаваць, але не могуць знайсці годную працу, трэба адаптаваць да рынку працы шляхам перанавучання і арганізацыі праграм, якія гарантуюць працаўладкаванне. Калі замест гэтага ім павысяць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, мы ўбачым рост запазычанасці насельніцтва па аплаце такіх паслуг , а не скарачэнне колькасці беспрацоўных”, — лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Рашэнне аб павышэнні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў адносінах да асоб, якія не былі занятыя ў эканоміцы, з’яўляецца няправільным, лічаць эксперты. „У Канстытуцыі запісана, што кожны грамадзянін мае права на працу, а не абавязак. У краіне трэба фарміраваць умовы для стварэння высокапрадукцыйных працоўных месцаў, а не прымушаць людзей выконваць працу, якую яны рабіць не хочуць”, — мяркуе намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.

belapan.by