У Гародні прайшоў флэшмоб у падтрымку Алега Сянцова



13-га ліпеня ва ўсім свеце праходзіць флэшмоб у падтрымку закладніка Крамля – украінскага рэжысёра, палітвязня Алега Сянцова.

Праваабаронца, публіцыст Уладзімір Хільмановіч падтрымаў акцыю:

– Я хацеў бы падтрымаць хоць такім чынам, сфатаграфавацца каля памятнага гарадзенскага месца, каб паказаць, што многія беларусы выступаюць за вызваленне гэтага нявінна засуджанага чалавека. Яго засудзілі толькі за тое, што ён меў прынцыповую пазіцыю. У той час, калі ў Расею прыязджаюць прэзідэнты, палітыкі забываюцца на тое, што ў Расеі і яе сатэлітаў ёсць палітычныя вязні. Наш абавязак нагадаць пра гэта палітыкам і ўсім людзям.

13-га ліпеня – гэта дзень народзінаў рэжысёра Алега Сянцова, які ўтрымліваецца ў расейскай турме па палітычных матывах. Акцыя арганізавана, перадусім, у сацыяльных сетках. Удзельнікі фатаграфуюцца каля знакавых ды сімвалічных месцаў сваіх гарадоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня