Пра што размаўлялі палітык Кастусёў і бізнесмен Зайдэс?



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў пра ўчарашнюю сустрэчу з саўладальнікам рэстарана „Поедем, поедим” Леанідам Зайдэсам.

Нагадаем, што 12 ліпеня дэмакратычныя актывісты, якія на працягу паўтара месяца нясуць варту ля мемарыяла ў Курапатах, пратэстуючы супраць працы рэстарана “Поедем, поедим”, правялі “Круглы стол”, падчас якога абмеркавалі сітуацыю, якая склалася на гэты момант. А пасля гэтага старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў сустрэўся з саўладальнікам рэстарана Леанідам Зайдэсам.

Рыгор Кастусёў: Ініцыятыва аб сустрэчы паступіла з боку бізнесмена, ён мне сам патэлефанаваў. Спачатку я пагутарыў з дырэктаркай рэстарана, а затым і са спадаром Зайдэсам. У выніку вырашана, што трэба абавязкова сустрэцца ўсім разам – і ўладальнікам рэстарана, і абаронцам Курапат. Зараз будзем вызначаць дату сустрэчы.

РР: Пра што яшчэ ішла размова?

Рыгор Кастусёў: Па сутнасці, паўтарылі ўсё тое, пра што дамаўляліся раней, калі ў Курапаты павінны былі прыехаць замежныя дэлегацыі. Тады сустрэча была адменена, а зараз перамовы аднавіліся. Тым больш, што чакаем, калі ўсе абаронцы Курапат выйдуць на волю. Непрыгожа было б пра нешта дамаўляцца ў той час, калі хлопцы знаходзяцца на “сутках”.

РР: Ці можна будзе знайсці нейкі кампрамісны варыянт?

Рыгор Кастусёў: Яго трэба шукаць, бо супрацьстаянне павінна прывесці да нейкага станоўчага выніку. Зараз і ва ўласнікаў рэстарана, і ў абаронцаў ёсць разуменне, што на перамовы трэба ісці. А на час перамоваў дзейнасць рэстарана будзе прыпынена. З гэтым пагадзіўся і спадар Зайдэс.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя