Харватыя – Францыя: хто каго?
Палітык і спартовы заўзятар Анатоль Лябедзька зрабіў прагноз на фінальны матч чэмпіяната свету па футболе.
14 ліпеня ў матчы за 3-е месца згуляюць зборныя Англіі і Бельгіі (17.00), 15 ліпеня ў 18.00 пачнецца фінальны матч паміж камандамі Францыі і Харватыі.
Анатоль Лябедзька: Я буду заўзець за французаў, хаця яшчэ перад чэмпіянатам думаў, што ў фінале будзе іншы расклад. Меркаваў, што першынства выйграе альбо Бельгія, альбо Англія. На жаль, не выйшлі ў фінал ні бельгійцы, ні англічане, таму маіх фаварытаў не засталося. Але, падаецца, больш шанцаў на перамогу ў французаў. Усё-такі ў іх больш майстроў, калі і адзін чалавек можа зрабіць гульню. І такіх у французаў – палова каманды. З гэтага пункта гледжання французы выглядаюць лепш. Але ж у футболе здараецца ўсялякае.
РР: Як вам наогул гэты чэмпіянат?
Анатоль Лябедзька: Ён, відаць, адзін з самых непрадказальных. Робяць стаўкі на адных, а перамагаюць іншыя. І, натуральна, вялікі рэспект харватам. Маленькая краіна, а такое дасягненне ў футболе! Перамагаюць яны за кошт каманднай гульні, а не селектарных нарад. Гэта паказвае, што і невялікія краіны могуць задаваць тон у футболе, могуць рабіць футбольную моду. І гэта вельмі важна для нашай сітуацыі, калі яе спрабуюць вырашыць на дзяржаўным узроўні, а толку з гэтага пакуль ніякага.
Кастусь Забллоцкі, Беларускае Радыё Рацыя