Колькасць афіцыйных беспрацоўных за год скарацілася ўдвая



Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 ліпеня 2018 года склаў 0,4% (на 1 чэрвеня — 0,5%) і ў параўнанні з 1 ліпеня 2017 года знізіўся на 0,4 працэнтнага пункта, паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Берасцейскай і Віцебскай абласцях склаў 0,6%, у Гомельскай, Гарадзенскай і Магілёўскай — 0,5%, Менскай — 0,4%, Менску — 0,1%.

Пры гэтым абследаванне аб фактычным беспрацоўі паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы Белстат праводзіць раз на квартал. Нагадаем, згодна са звесткамі ведамства, фактычнае беспрацоўе ў Беларусі на канец сакавіка склала 5,1% (260,6 тысячы). Гэта людзі, якія не мелі працы, але актыўна яе шукалі. У адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй яны класіфікуюцца як беспрацоўныя.

На ўліку ў якасці беспрацоўных на 1 ліпеня 2018 года было 17,8 тыс. чалавек, што на 48% (удвая) менш, чым на 1 ліпеня 2017 года (34,2 тыс.).

Наймальнікамі на 1 ліпеня гэтага года заяўлена аб наяўнасці 75,2 тыс. вольных працоўных месцаў, што на 39,7% больш, чым на 1 ліпеня 2017 года (53,8 тыс.). Попыт на работнікаў па рабочых прафесіях склаў 63,9% ад агульнай колькасці вакансій супраць 56% на 1 ліпеня 2017 года.

Каэфіцыент напружанасці на рынку працы Беларусі на 1 ліпеня 2018 года склаў 0,2 беспрацоўнага на адну вакансію (на 1 ліпеня 2017 года — 0,6).

Пры гэтым у Бреасцейскай і Віцебскай абласцях гэты паказчык склаў 0,4 беспрацоўнага на вакансію, Гомельскай і Магілёўскай — 0,3; Гарадзенскай і Менскай — 0,2; Менску — 0,1.

У студзені—чэрвені 2018 года па садзейнічанне ва ўладкаванні на працу звярнуліся 107,8 тыс. чалавек, з якіх пастаўленыя на ўлік у якасці беспрацоўных 63,1 тыс.

За першае паўгоддзе на створаныя працоўныя месцы і існыя вакансіі пры садзейнічанні службы занятасці на пастаянную працу ўладкавана 79,1 тыс. чалавек, або 73,4% ад тых, хто звярнуўся па дапамогу ва ўладкаванні на працу, з іх 46,5 тыс. беспрацоўных. На навучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, накіравана 3,8 тыс. чалавек, у аплатных грамадскіх работах пры садзейнічанні службы занятасці ўзялі ўдзел 20,5 тыс. чалавек. На новае месца жыхарства і працы пераселеныя 84 сям’і беспрацоўных.  БелаПАН