14 ліпеня ў Віцебску – перфоманс „За Сцяной”
Перфоманс пакажуць беларускі мастак, майстра перфомансаў Алесь Пушкін і беларуска-ізраільская мастачка Таня Тур. Перфоманс адбудзецца ў 09.00, 14.00 і ў 17.00 у Віцебску на пляцоўцы на скрыжаванні Рэвалюцыйнай і Кандрацьева.
Фотаздымак з рэпетыцыі.
„Што такое перформанс, вызначыць цяжка, як і пазначыць межы сучаснага мастацтва. – Гаворыць Таня Тур. – Ён можа быць зусім розным. Мабыць, адзіная канстанта – гэта акцэнт не на статычны мастацкі аб’ект, а на дзеянне, дзякуючы якому твор раптам атрымлівае дынаміку і ажывае. Перформанс, як ні адно з сучасных відаў мастацтва, адпавядае канцэпцыі Арыстоцеля аб тым, што галоўнай мэтай мастацкага твору з’яўляецца катарсіс – ачышчэнне, вызваленне, набліжэнне і гледача, і мастака да сутнасці рэчаў і разумення сэнсу жыцця”.
Перфоманс адбудзецца пры падтрымцы творчай прасторы VZAP.
„Мова перформансу не літаральная і не адназначная, – гаворыць Таня Тур, – Гэта мова метафары, мова прыпавесці, прачытанне якой – справа кожнага гледача. Галоўная задача мастака, які працуе ў гэтым накірунку, заключаецца ў тым, каб абудзіць чалавецтва ад сну, вырваць з руціннага быцця і прымусіць ўбачыць свет іншымі вачыма. Перформанс «За сцяной” не пакіне вас абыякавымі. Хтосьці задумаецца пра тое, ці мае сэнс тое, што ён робіць кожны дзень, хтосьці ўбачыць у дзеяннях мастакоў намёк на безвыходнасць і марнасць усіх спробаў змяніць свет, а нехта адчуе гармонію і баланс сіл Сусвету”.
Беларускае Радыё Рацыя