Адкрыццё музея ў Пешках
У вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна адкрыты дом-музей “Далёкае-блізкае”, дзе сабраны побытавыя рэчы, адзенне, здымкі, кнігі, альбомы жыхароў Пешак розных часоў. Унутры хатка стылізавана пад даўніну. Такім чынам, 4 настаўніцы-пенсіянеркі родам з Пешак Таіса Юдчыц, Алена Касовіч, Таццяна Лютыч, Алена Курылёнак увасобілі сваю мару захаваць памяць пра малую Радзіму.
Кажа адна са стваральніц музея Таццяна Лютыч:
– Няўмольна бяжыць час. І падаецца, што зусім нядаўна наша вёска была такой шматлюднай, такой вясёлай, шумнай, а цяпер столькі пустых двароў. Але ў памяці кожнага з нас – тая вёска, якую мы ведаем з дзяцінства, юнацтва. І гэты музей захавае гэтую памяць. І мне падаецца, што калі будуць жыць людзі, неабыякавыя да сваёй малой Радзімы, свайго роднага куточка, то не зарасце сюды сцежка.
На адкрыццё дома-музея сабралася шмат народу. Прысутнічаў самы стары жыхар Пешак – 95-гадовы ветэран вайны Аляксандр Юдчыц. Зачыталі прывітальнае слова заслужанага работніка культуры, пісьменніка Міхаіла Шыманскага, які жыў у хаце, дзе арганізаваны музей. Выступаў з мастацкімі нумарамі мясцовы мастацкі калектыў. Жыхары Пешак спявалі, чыталі вершы. Было кранальна і весела.
Пешкам каля 300 гадоў. 232 гады таму тут было 14 двароў і 86 жыхароў, у 1986-м было 117 двароў, зараз спусціліся амаль да таго ўзроўню, з чаго пачыналі.
[Not a valid template]
Поўны гук слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя