Леанід Заіка: Якасць сельскагаспадарчай прадукцыі трэба кантраляваць самастойна



У Еўразійскім эканамічным саюзе неабходна стварыць незалежную лабараторыю па кантролі за якасцю харчавання, заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы адказваючы на пытанні дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў адносна забароны на пастаўкі ў РФ малочнай і мясной прадукцыі буйных беларускіх прадпрыемстваў. Незалежны эканаміст Леанід Заіка лічыць такі орган абсалютна непатрэбным і заклікае да сумленнага кантролю за прадукцыяй у самой Беларусі.

– Выявіць гранічную бактэрыялагічную канцэнтрацыю, мікраарганізаў і г.д. гэта не складаная праца. Трэба толькі 200 метраў прайсці, а не ствараць нейкія структуры. Няхай яны ствараюць за свой уласны кошт, або за грошы малочных і мясных камбінатаў. А не за нашы бюджэтныя сродкі. У нас самыя лепыя спецыялісты, эксперты, прафесары і дацэнты працуюць ад міністэрства сельскай гаспадаркі літаральна за 200 метраў.

Забарону расейскае ведамства матывавала тым, што беларуская прадукцыя не адпавядае нормам і патрабаванням, прадугледжаным расейскім заканадаўствам.

* * *

“Аляксандр Лукашэнка паказаў што ён ненадзейны саюзнік,” – лічыць незалежны эканаміст Леанід Заіка. У той час калі ўсе краіны Еўразвязу падтрымалі санкцыі супраць Расеі, кіраўнік Беларусі не далучыўся да эмбарга свайго найбольшага саюзніка, з якім стварае Саюзную дзяржаву і адзіную мытную і прастору кажа эканаміст:

– Па логіцы, па стратэгіі паводзінаў яны павінны былі разам, як еўрапейскія краіны Еўразвяза, прыняць рашэнне пра эмбарга. Яны гэтага не зрабілі. Як саюзнік Беларусь, дакладней Лукашэнка, выклікае вялікія падазрэнні ў Крамлі. Лукашэнка, калі б вёў сапраўдную стратэгічную дзейнасць, ён далучыўся б да расейскага эмбарга.

На думку Леаніда Заікі, у Беларусі надалей адсутнічае стратэгія эканамічнага развіцця краіны. Апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі не звязаны з абаронай беларускага рынка, а з патрэбай прапіярыцца як перад Масквой, так і перад Бруселем.

* * *

Цана на паліва на беларускім рынку павінна знізіцца, лічыць незалежны эканаміст Леанід Заіка, пры ўмове, што беларускі ўрад не будзе перашкаджаць свабоднай канкурэнцыі.

Зніжэнне цэнаў на нафту на сусветных рынках непасрэдна паўплывае і на беларускую эканоміку, перакананы эканаміст.

– На ўнутраным рынку цэны ўтвараюцца суб’ектыўна. Гэтыя цэны вызначаюцца ўрадам. Апошнія два гады мела месца толькі павышэнне цэнаў. На сённяшні дзень у Расеі бензін каштуе каля 70 цэнтаў. У Беларусі – 1 даляр. Знаходзячыся ў рамках Мытнага саюза, можна выказаць здагадку, што свабодны рух бензіна дасць добрае канкурэнтнае змаганне, калі толькі беларускі ўрад не будзе гэтаму замінаць.

27 лістапада 12 краінаў, аб’яднаных у арганізацыю краін-экспарцёраў, прынялі рашэнне не абмяжоўваць здабычу нафты, каб падняць цану нафты. Цана на нафту цягам апошніх 5 месяцаў знізілася на 30 адсоткаў і дасягнула найніжэйшага ўзроўню за апошнія 4 гады.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя