30 лістапада – другі тур мясцовых выбараў у Польшчы



Цяперашні гаспадар гміны Адам Тобота і былы шматгадовы войт Яўген Віхоўскі пазмагаюцца ў нядзелю за пасаду войта гміны Мельнік. У першым туры перамог Віхоўскі, які набраў 36 адсоткаў галасоў, пры трыццаці двох адсотках Тоботы.

Гміна Мельнік штогод атрымоўвае каля васьмі мільёнаў злотых падаткаў ад аператара базы трубаправода “Дружба”. Таму здзіўляе вялікая запазычанасць гміны – 8 мільёнаў злотых, кажа Яўген Віхоўскі.

– Хачу ведаць, колькі мы вінаватыя розным партнёрам і які стан бюджэту? Гэта дасць магчымасьць інвестыцый. Трэба будаваць дзіцячы садок, і войт нават пальцам не дакрануўся, каб нешта зрабіць. Ёсць шмат дробных справаў. Ёсць мост, які абваліўся, людзі не могуць з поля ехаць, мусяць ехаць 8 кіламетраў кругом.

Войт Адам Тобота прызнае, што некалькіх праектаў не ўдалося паспяхова правесці. Гэта перад усім праект будовы гістарычнага парку Трылёгія і незавершаная будова каналізацыі на галоўнай вуліцы Мельніка.

– Можа нешта і не так зрабіў. Калі за шмат гадоў не пераканаў большасць электарату сваёй дзейнасцю і інвестыцыямі, то тут цяжка гаварыць пра які-небудзь рэцэпт.

У першым туры выбараў на пасаду войта гміны кандыдавала 8 асобаў. Другі тур у бліжэйшую нядзелю – 30-га лістапада.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя