«Кірмаш зубра» ў Гайнаўцы



У гарадскім парку ў Гайнаўцы прайшоў ХІІКірмаш зубра”. У час мерапрыемства можна было сустрэцца з багатай прапановай рэгіянальнай кухні. Сваё мастацтва прэзентавалі народныя майстры ды рамеснікі ў першую чаргу з рэгіёна Белавежскай пушчы. Свае стэнды мелі таксама майстры з Беларусі, сярод якіх была і народная майстрыха па выцінанцы Вольга Бабурына:

Вельмі добрыя ўражанні ад гэтага свята, ад арганізацыі, ад людзей, якія прыходзяць і цікавяцца працамі. Яны не пытаюцца, што гэта такое. Яны толькі пытаюцца, адкуль я. Калі я кажу, што прыехала з Маладэчна, з Беларусі, то яны, канешне, дзівяцца. Ім вельмі прыемна, што нават з такіх далёкіх краёў сюды прыязджаюць. У мяне вельмі шмат свежых прац. Асноўны асартымент – выцінанкі, бо я працую чыста з выцінанкай, у іншых формах на кірмашах я не прадстаўляю яе.

У час мерапрыемства праходзілі шматлікія канцэрты, між іншым Старога Ольсы”. Традыцыяй тут ёсць, што народныя калектывы даюць міні-канцэрты сярод стэндаў ды наведвальнікаў, што вельмі даспадобы турыстам. Сёлета можна было сустрэцца таксама з Томашам Самойлікам аўтарам коміксаў пра Белавежскую пушчу, якія таксама можна прачытаць на беларускай мове. Галоўная мэта Кірмашу зубра гэта прамоцыя Гайнаўкі ды рэгіёна Белавежскай пушчы.

[Not a valid template]

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара