Прадпрымальнікі паўсюль



Падчас беларусы падаюцца безыніцыятыўнымі людзьмі на балоце, але статыстыка супярэчыць такому песімізму. Ва ўсіх рэгіёнах краіны павялічылася колькасць ІП.

І калі ў папярэднія тры гады індывідуальных прадпрымальнікаў рабілася ўсё меней і меней, то год 2018-ты па-добраму здзіўляе: у параўнанні з 1 студзеня, 1 чэрвеня паказала значны прырост гэтага энергічнага сегменту насельніцтва. Адпаведна 236 і 238 тысячаў чалавек. Найбольшы рост назіраецца ў Менску і сталічнай Менскай вобласці. Меншы – у Віцебскай. Паступова ІП-эшнікі сыходзяць з гандлю ў іншыя галіны – тут даюць пра сябе ведаць захады, зробленыя дзяржавай у плане імпартазамяшчэння. Пабочным эфектам маем тое, што некаторыя элементы формы гімназістаў – камізэлькі, напрыклад! – трапляюць да тых самых гімназістаў з некаторай затрымкай… Не будзем пра сумнае!

Інфляцыя ў Беларусі зніжаецца. І была б яна яшчэ ніжэйшай, каб не выраслі кошты на мяса і гарэлку! У нас жа вядома як: за адно схопішся – іншае пакінеш без кантролю… Ва ўсім варта бачыць плюсы: былі адной з самых пітушчых дзяржаваў свету – сталі піць значна менш. Па статыстыцы.

І прадпрымальнікаў паболела ў роднай старонцы, і інфляцыя зніжаецца – жыві ды радуйся! ІП-эшнікі са стажам тым часам жаляцца на лёс і кажуць пра прыпіскі ў тыпова савецкім стылі. Маўляў, папера – адно, а на справе – зусім іншае. Ёсць бізнесоўцы – няма залатога запасу. Тыя, хто раней ездзіў адпачываць у Турцыю ці Іспанію, едуць у Адэсу. Або на лецішча. Дзе той беларус, якому бульба замінала?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ