„Беларуськалій” плануе пачаць будаўніцтва новага рудніка



ААТ „Беларуськалій” плануе 1 снежня 2018 года пачаць будаўніцтва Дарасінскага рудніка. Гэта вынікае з апублікаванага на сайце прадпрыемства паведамлення пра пачатак працэдуры грамадскага абмеркавання гэтага праекта.

Мяркуецца, што будаўніцтва новага рудніка працягнецца дзевяць гадоў.

„У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя штогадовага павелічэння спажывання хлорыстага калію. Па доўгатэрміновых прагнозах міжнародных арганізацый па забеспячэнні насельніцтва харчаваннем, попыт на калійныя ўгнаенні ў свеце будзе пастаянна павялічвацца. Улічваючы гэтыя абставіны, пытанні падтрымання і развіцця руднай базы ААТ „Беларуськалій” з’яўляюцца найбольш значнымі і прыярытэтнымі”, — адзначаюць на прадпрыемстве.

На думку распрацоўшчыкаў праекта, найбольш значнай рэзервовай руднай базай для папаўнення ўтворанага дэфіцыту і падтрымання аб’ёмаў вытворчасці трэцяга рудаўпраўлення і аб’яднання ў цэлым з’яўляюцца сыравінныя рэсурсы Дарасінскага ўчастка (заходняй плошчы паўночнага ўчастка Старобінскага радовішча), які непасрэдна прымыкае да дзейнага шахтавага поля рудніка трэцяга рудаўпраўлення.

Будаўніцтва новых шахтных ствалоў і іншых неабходных аб’ектаў Дарасінскага рудніка дасць магчымасць забяспечыць здабычу да 8 млн т калійнай руды за год і падачу яе на солеўзбагачальную фабрыку для перапрацоўкі і вытворчасці калійных угнаенняў.

„Адпрацоўка запасаў Дарасінскага ўчастка дазволіць на працяглы перыяд забяспечыць занятасць немалога ліку насельніцтва прамраёна (прыкладна 1.500 чалавек), і перш за ўсё падрыхтаваных кваліфікаваных спецыялістаў пры іх вызваленні ў сувязі з выбыццём магутнасцяў на дзейных рудаўпраўленнях”, — падкрэслілі на прадпрыемстве.

Адкрытае акцыянернае таварыства „Беларуськалій” з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных мінеральных угнаенняў. Паводле даных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыпадае пятая частка сусветнага аб’ёму вытворчасці.

БелаПАН