Археалагічнай экспедыцыі “Асавец-2018” патрэбны валанцёры
Арганізатары археалагічнай экспедыцыі “Асавец-2018” запрашаюць валанцёраў даследаваць тарфяніковае паселішча 3-4 тысячагоддзяў да н.э. Археалагічную экспедыцыю ладзіць Інстытут гісторыі НАН Беларусі на чале са старшым навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максімам Чарняўскім.
Будуць весціся раскопкі старажытнага тарфяніковага паселішча неаліту –бронзавага века ля вёскі Асавец. Там, у паўднёвай частцы Беларускага Паазер’я, на мяжы двух раёнаў Віцебскай вобласці, знаходзіцца Крывінскі тарфянік.
– Крывінскі тарфянік на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў – унікальны комплекс тарфяніковых стаянак. Там іх 10 і шэраг месцазнаходжанняў. Але гэта тыя ж археалагічныя культуры, што і на Лепельшчыне, толькі ў іншых умовах. Яны жылі на нізкім беразе возера, пасля яно забалоцілася, і помнікі былі закрытыя вадой, а пасля балотам. Таму там захаваліся не толькі крэмень і кераміка, але таксама костка, дрэва, бурштын, вырабы з гэтых матэрыялаў.
Дапамагаць у археалагічных раскопках “Асавец-2018” Максіму Чарняўскаму будуць і дзеці з археалагічнага летніка. Ён будзе арганізаваны каля вёскі Асавец з 23 ліпеня па 5 жніўня.
Да гэтага археолаг працаваў на Лепельшчыне разам з дзецьмі і мясцовымі краязнаўцамі ля вёскі Верабкі. Там быў закладзены невялікі раскоп і знойдзены фрагменты глінянага посуду, крамянёвыя прылады працы, побыту ды косткі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота asaviec.by