На Аўгустоўскім канале пройдзе веламарафон „Суседзі”



21 ліпеня ў раёне беларускай часткі Аўгустоўскага канала пройдзе міжнародны аматарскі марафон раварыстаў „Суседзі”. З гэтага панядзелка ўжо пачалася рэгістрацыя з выдачай нумароў усім ахвотным паспрабаваць свае сілы ў трох дыстанцыях на выбар: ад 7 да 65 кіламетраў гонкі.

Кажа дырэктар марафону Іван Найдзёнаў:

Зараз ужо можна прыйсці ў офіс у Гародні і Менску і атрымаць нумар, а пасля ўжо прыехаць на старт. Яшчэ адна навінка ў гэтым годзе – мы плануем электронную адзнаку. Кожны ўдзельнік марафону яшчэ перад стартам павінен будзе прыйсці і атрымаць электронны чып, які дапаможа нам вылічваць рэзультаты. Думаю, з гэтай навінкай нам будзе лягчэй працаваць.

Сталым удзельнікам штогадовага марафону „Суседзі” вядома, што ў мінулым галоўным суддзём спаборніцтваў быў Іван Найдзёнаў. Цяпер адбыліся змены, і пасаду галоўнага суддзі зойме іншы чалавек. Іван Найдзёнаў тлумачыць прычыны такіх зменаў:

А галоўным суддзём будзе Ян Камінскі – суддзя, якога мы запрасілі з Польшчы. Гэта будзе навінкай гэтага года. Рэч у тым, што Аляксандр Фядотаў па сваіх асабістых прычынах не змог заняцца гэтай справах, таму ў нас прайшла невялікая рэарганізацыя. Мы падумалі і вырашылі, чаму б нам не запрасіць суддзю з Польшчы, каб ён быў галоўным суддзём, бо наш марафон уключаны ў міжнародны цыкл «Крэсавых марафонаў». І суддзя з Польшчы згадзіўся.

У марафоне „Суседзі” прадугледжаны яшчэ адзін, дзіцячы, заезд на 150 метраў. Арганізатары стараюцца, каб спаборніцтвы былі святам для ўсіх, хто прыедзе ў гэты дзень на Аўгустоўскі канал. Старт асноўнага марафону дадуць у 12.30 21-га ліпеня.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня