Гарадзенка дабілася дапамогі праз суд



Калегія абласнога суда Гародні падтрымала касацыйную скаргу Вольгі Макарэвіч – маці хлопчыка-інваліда Максіма Макарэвіча. Прадпрыемства „Гроднапрамбуд”, дзе працуе Вольга, цягам 20-ці месяцаў, ад прызнання яго інвалідам, у парушэнне закона не забяспечыла маці магчымасці атрымання сацыяльнай дапамогі.

Паводле рашэння калегіі абласнога суда, які разглядаў гэтую цывільную справу, рашэнне Кастрычніцкага раённага суда адносна зыску Вольгі Макарэвіч адменена, а яе патрабаванні па кампенсацыі нявыплачанай дапамогі для сына-інваліда будуць задаволены за кошт прадпрыемства. Сваімі эмоцыямі пасля суда падзялілася Вольга Макарэвіч:

– Я вельмі хацела выразіць удзячнасць абласному суду за тое, што яны шчыра і адказна разгледзелі маю справу. За тое, што максімальна ўспрынялі інтарэсы дзіцяці і дапамаглі абараніць гонар майго сына. Хацела таксама падзякаваць аблвыканкаму, а ў прыватнасці Лісковічу Віктару Андрэевічу за тое, што ён пасадзейнічаў у вырашэнні майго пытання, праваабарончым арганізацыям, усім СМІ і ўсім неабыякавым людзям.

Гэта не адзіны выпадак, калі інваліды і іх бацькі аказваюцца сам-насам са сваімі праблемамі, а работнікі адпаведных службаў абыякава ставяцца да правоў інвалідаў і магчымасцяў прадастаўлення сацыяльнай ды іншых відаў дапамогі. Кажа прадстаўнік абласнога таварыства інвалідаў Яўген Жукаў, які ў судзе прадстаўляў інтарэсы Вольгі Макарэвіч:

– Суд апраўдаў мае спадзяванні, то бок ён кіраваўся заканадаўствам, якое дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь. Хутчэй за ўсё паўплываў чалавечы фактар, што дзіця з такім захворваннем. Што агулам датычыць інвалідаў – дзяцей і дарослых, то ў нас гэтаму надаецца вельмі мала ўвагі. Маці прайшла вельмі доўгі шлях, яна звярнулася да нас даволі позна. Калі б яна адразу звярнулася да нас, то мы б канешне атрымалі гэты вынік на пачатковым этапе.

Паводле праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча, калегія абласнога суда, якая складалася з суддзяў: Раманоўскага, Міхневіча і Ярмака, а таксама пракуратура аб’ектыўна падышлі да касацыйнай скаргі Вольгі Макарэвіч. Удзельнікі судовага пасяджэння былі сведкамі таго, што бюракратызм бухгалтэрыі і юрыдычнага аддзела „Гроднапрамбуду”, як агульная з’ява, могуць атрымаць адпор праз суд.

Незразумелай застаецца пазіцыя Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, які паведаміў, што абавязак выяўляць парушэнні ў выплаце дапамогі – не іх кампетэнцыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня