Зміцер Люцік: Вызваленне Гародні трэба адзначаць 24 ліпеня



„Вызваленне Гародні ў 1944 годзе трэба адзначаць 24-га ліпеня”, – упэўнены гарадзенскі вайсковы гісторык Зміцер Люцік, які займаецца гісторыяй І і ІІ сусветных войнаў.

Цэнтральная частка Гародні была вызвалена 15-16 ліпеня, аднак баі за горад працягваліся:

– Каля васьмі дзён яшчэ былі баі, канчаткова толькі 24-га ліпеня здолелі фарсіраваць Нёман. Тут як раз такі адбыўся падрыў мастоў, таксама немцы загадзя зрабілі пазіцыі ў раёне Уладзімірскай царквы, Карданных валаў, аж ад вёскі Пышкі. Тут фарсіраваць Нёман не ўдалося, яны былі беспаспяховыя. Напрыклад, 290 дывізія, якая як раз і займала горад, спрабавала ўвесь гэты час фарсіраваць Нёман у раёне сучаснага горада, усе спробы былі адбіты. Плацдарм быў вельмі маленькі, як раз насупраць старых гарадзенскіх могілак.

Па словах Зміцера Люціка, калі савецкія войскі тыдзень спрабавалі фарсіраваць Нёман у горадзе, асноўныя баі адбываліся на поўнач ад Гародні:

– На поўнач ад Гародні – у раёне Зарыца, Астравок, вось там фарсіраванне было больш паспяховым. Там кавалерысты змаглі прайсці да Сапоцкіна і нават прайсці далей. Амаль што да Аўгустова яны падышлі, там прарыў быў даволі небяспечны для немцаў. Асноўныя баі ў гэты час аж да 24-га ліпеня яны як раз такі былі на Сапоцкіншчыне, на Аўгустоўшчыне.

Перашкодай для вызвалення было тое, што занёманскую частку горада абаранялі элітныя нямецкія часткі – дывізія СС “Мёртвая галава”. Гэтыя часткі ўзялі ў раёне І форта крэпасці у так званае “кальцо” два батальёны з 42-й стралковай дывізіі савецкіх войскаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня