Пра геніяльныя беларускія ліўнёўкі



Паўтарэнне – маці вучэння. – Прызвычаіліся мы чуць прымаўку. Аднак для беларускіх адмыслоўцаў, якія займаюцца такімі інжынернымі збудаваннямі, як ліўнёўкі, штогадовыя затапленні беларускіх гарадоў урокаў ніякіх не далі. Як плавалі некаторыя вуліцы пасля дажджу, так і працягваюць плаваць. Ды ўсе вакол ужо прызвычаіліся, што ўлетку некаторыя беларускія гарады пераўтвараюцца ў Венецыю. Засталося толькі лодкі ўсім набыць – і можна не хвалявацца з-за вялікай колькасці вады.

Затапленні вуліцаў пасля залеваў у беларускіх гарадах – такая ж звыклая з’ява, як і адключэнне гарачай вады. Не, каб зрабіць нармальныя ліўнёўкі, якія б спраўляліся з такой колькасцю вады. Усё ж такі не ў тропіках жывем. Аднак як толькі выпадаюць ападкі жыхарам беларускіх гарадоў даводзіцца альбо скакаць як кенгуру, спрабуючы пераадолець лужы. Альбо ўвогуле ісці па калена ці па пояс у вадзе. Самае цікавае, што такая сітуацыя не абышла нават рэканструяваныя вуліцы. Напрыклад, на рамонт менскіх вуліц Рэвалюцыйная і Камсамольская пайшло больша за два мільёны беларускіх рублёў. Аднак вынік рэканструкцыі – каналізацыя так і не запрацавала, а таму вуліцы падтапіла ў дождж капітальна. Затое ёсць магчымасць пафоткацца на фоне затопленых вуліцаў і атрымаць лайкі у сацыяльных сетках. Альбо самому надзьмуць матрац, катацца на ім па вуліцах, паставіць гэтыя фота ў сацыяльных сетках. І зноў атрымаць многа лайкаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ