Беларусь і Нямеччына сёлета могуць выйсці на $3 млрд тавараабароту



 „Апошнім часам наша ўзаемадзеянне з Нямеччынай актывізавалася. У нас адбылася сур’ёзная ідэнтыфікацыя палітычных кантактаў”, — заявіў пасол Беларусі ў ФРГ Дзяніс Сідарэнка ў інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір” тэлеканала „Беларусь 1”, паказаным увечары 15 ліпеня.

Дыпламат нагадаў, што ў канцы чэрвеня адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых дачыненняў афіцыйны візіт у Беларусь федэральнага прэзідэнта ФРГ Франка-Вальтэра Штайнмаера. „Гэты візіт, першая сустрэча двух прэзідэнтаў — гэта сапраўды гістарычная падзея ў нашых дачыненнях”, — адзначыў пасол.

Закранаючы эканамічны складнік узаемадзеяння Беларусі і Нямеччыны, ён канстатаваў: „Дынаміка нашых адносін вельмі і вельмі пазітыўная. Мы бачым, што сёлета мы зможам, хутчэй за ўсё, выйсці на ўзровень трох мільярдаў у гандлі паміж краінамі”.

Паводле слоў Сідарэнкі, сярод найбольш вядомых беларускіх тавараў у Нямеччыне — трактар „Беларус”. Гэтая тэхніка, як зазначыў пасол, традыцыйна выкарыстоўваецца ва ўсходніх землях, у дробных фермерскіх гаспадарках, мае добрую рэпутацыю, прычым не апошнія мадэлі МТЗ, а „класіка”. Характарыстыка гэтага трактара ў перакладзе з нямецкай гучыць як „яго нельга зламаць”, сказаў дыпламат.

БелаПАН