Яшчэ раз пра “слугаў народу”



У свеце зараз шмат пішацца і гаворыцца пра безбар’ернае асяроддзе. Гэта каб было зручна ездзіць людзям на інвалідных калясках, перамяшчаць дзіцячыя вазкі, не злазіць з ровараў пры яздзе па гарадскіх вуліцах. Нешта робіцца ў гэтым кірунку і ў Беларусі, у тым ліку і ў выніку актыўнасці грамадскіх арганізацый. Але, відаць, ні ў адной еўрапейскай краіне няма такой колькасці загароджаных тэрыторый, высачэзных бардзюраў, бетонных платоў-муроў, металічных сетак і жалезных кратаў, высачэзных бар’ераў, праходных з вярцелкамі і ўсялякіх розных КПП. Для тых, хто не служыў у савецкім войску, патлумачу, што абрэвіятура КПП азначае: кантрольна-прапускны пункт. Гэтыя КПП зараз не толькі ў вайсковых частках і буйных важных прадпрыемствах. Яны паўсюдна і растуць як грыбы пасля спорнага і цёплага летняга дажджу. Часам, каб наведніку трапіць у нейкі кабінет, трэба прайсці некалькі пунктаў пільнай аховы. Узнікае поўнае ўражанне, што ў Беларусі надзвычай высокі ровень бандытызму. Альбо, што ўся краіна – ад вярхоўнага “глаўнакамандуюшчага” да загадчыцы дзіцячага садку рыхтуецца да шматгадовай і зацятай абарончай вайны.

Возьмем да прыкладу школы. Некалькі гадоў таму ў выніку наезду і няшчаснага выпадку з вучнем выйшаў загад абгарадзіць усе школы. Па разумнаму то трэба было загарадзіць тыя ўчасткі, якія прымыкалі да дарог і небяспечных заездаў. Але дзяржаўныя ідэолагі так мысліць не ўмеюць і не хочуць. Вельмі хутка тэрыторыі ўсіх школ абгарадзілі высачэзнымі металёвымі платамі. Канешне ўсё для дзяцей – таму не з дзяржаўных бюджэтных сродкаў, а за грошы бацькоў. Гэта называецца “добровольные взносы на потребности школы”. У выніку дзясяткі новых абгароджаных зонаў у самым цэнтры гарадоў. Старыя людзі змушаны абыходзіць гэтыя “аб’екты”, праз тэрыторыю якіх яны раней спакойна хадзілі, нікому не замінаючы. А гэтыя грошы, якія пайшлі на высокую агароджу, маглі б патраціцца на ўпарадкаванне школьных стадыёнаў, бальшыня з якіх у жахлівым стане. А зараз на гэтыя стадыёны не могуць патрапіць нават тыя рэдкія жыхары навакольных дамоў, якія раней займаліся фізкультурай.

Асабліва любяць адгароджвацца ад людзей “слугі народу”. Трапіўшы ў абойму чыноўнікаў, яны адразу мусяць паказаць грамадзянам іхняе належнае месца. А ўзыходзячы па кар’ернай лесвіцы, увогуле становяцца небажыхарамі і недасягальнымі для простых смяротных. Чым вышэй установа і начальнік, тым шыкоўней інтэр’еры і мэбля. Падатковыя інспекцыі, міліцыя, суды, пракуратуры, выканкамы – усюды бляск, шык, мадэрн, часам на мяжы з раскошай. Калідоры гэтых дзяржаўных установаў, напоўненыя шматлікімі “слугамі народаў”, выразна кантрастуюць з іншымі ўстановамі, прыкладам сацыяльнага тыпу.

 Характэрны і сярэднестатыстычны партрэт цяперашняга чыноўніка ці супрацоўніка сілавых структур. Як правіла, гэта той, хто вучыўся ў школе і пазней дастаткова пасрэдна альбо нават нездавальняюча, роўнем бытавой культуры таксама не вылучаўся ў лепшы бок. Прымаўка “не чын паважаюць, а чалавека па яго праўдзе” для іх незразумелая. У гэтай катэгорыі людзей якраз усё наадварот.

Пераважная бальшыня з іх не валодае належна аніводнай мовай, нават расейскай, на якой размаўляе цэлы час. Калі беларускую і ведаюць, то не карыстаюцца ёй зусім у сваёй працы – адны прынцыпова, адмаўляючыся ад свайго “нізкага паходжання”, іншыя з-за страху, каб іх не западозрылі ў лаяльнасці да беларускамоўных носьбітаў.

Характэрная асаблівасць цяперашняга пакалення чыноўнікаў – гэта іх крывадушнасць. Гэта ў савецкі час усе “слугі народу” сядзелі дома і выязджалі ў лепшым разе ў краіны “Варшаўскага дагавору”. Цяпер для іх адкрыты ўвесь свет. І вось тут, у Беларусі, выканкамаўцы, чыноўнікі, начальнікі, дырэктары школ славяць усё савецкае, наш скрозь “чалавечны” дзяржаўны лад і асабліва правільны шлях развіцця, а іх дзеці, сёстры, пляменнікі і іншыя сваякі вучацца і працуюць на захадзе – у Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША… Характэрная тут гісторыя з нядаўнім міністрам адукацыі Рэспублікі, які паспяхова ўладкаваў сваіх дзяцей за мяжу. І такіх прыкладаў многа.

Цяперашняя генерацыя чыноўнікаў у РБ – гэта зусім не ранейшыя прыхадні, як гэта было ў Расейскай імперыі за царом, ці як гэта было ў Савецкім саюзе. Гэта амаль усе – мясцовыя нараджэнцы. Але пра гэта пагаворым неяк іншым разам.

Уладзімір Хільмановіч    

Беларускае Радыё РАЦЫЯ