У менскіх дзіцячых садках павялічыцца колькасць беларускамоўных груп



У Менску ў новым навучальным годзе адкрыецца яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання і выхавання ў дзіцячых садках. Пра гэта сёння, 17 ліпеня, журналістам паведаміла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Камітэта па адукацыі Менгарвыканкама Алена Макарэвіч.

Алена Макарэвіч адзначыла, што колькасць груп у дзіцячых садках, якія працуюць на беларускай мове, залежыць ад запытаў бацькоў. „У 2017/2018 навучальным годзе на падставе запытаў бацькоў колькасць такіх груп у Менску павялічылася на пяць. Згодна з папярэднім аналізам інфармацыі, якая паступае са службы „Адно акно”, дзе ідзе пастаноўка на ўлік і бацькі пазначаюць жаданую мову навучання, у новым навучальным годзе мы плануем адкрыць яшчэ пяць груп з беларускай мовай навучання і выхавання ў сталічных дзіцячых садках”, – сказала яна.

Паводле слоў галоўнага спецыяліста, забяспечыць усіх жадаючых, каб іх дзеці навучаліся ў садзе на беларускай мове, месцамі крокавай даступнасці няма магчымасці. „Недзе гэта можа быць у крокавай даступнасці, недзе па руху транспарту, але ўсім бацькам, якія выказалі такое жаданне, месца для дзіцяці ў групе прадастаўляецца. Колькасць бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзіця атрымлівала адукацыю і выхаванне ў садзе на беларускай мове, павялічваецца”, – канстатавала Алена Макарэвіч.

У Беларусі 2678 груп устаноў дашкольнай адукацыі арганізуюць працэс навучання і выхавання на беларускай мове, што складае 12,2 працэнта.

belta.by