Міхаіл Ежэль атрымаў у Менску статус уцекача



Пра гэта паведамляе папулярны ўкраінскі рэсурс Obozrevatel.ua са спасылкай на Галоўнае ўпраўленне вайсковай выведкі.

Былога Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Украіны ў Беларусі вось ужо з 2015 года вышуквае Генеральная пракуратура Украіны. Прэтэнзіі ўкраінскага боку, аднак, тычацца не дыпламатычнага перыяду кар’еры Міхаіла Ежэля, а часоў, калі ён узначальваў Міністэрства Абароны.

Згодна дадзеных украінскай Генпракуратуры, Міхаіл Ежэль раскраў дзяржаўнай маёмасці на 604, 77 млн. грыўняў. Развал войска і карупцыя, якія квітнелі за часамі Ежэля, уразілі нават Віктара Януковіча: міністра абароны знялі з пасады і выправілі паслом у Беларусь. У траўні 2015 года Ежэль быў звольнены з дыпламатычнай працы, але ва Украіну не вярнуўся. На ўсе запыты ўкраінскага боку афіцыйны Менск адказваў, што Міхаіл Ежэль лічыцца пацыентам вайсковага шпіталю.

Статус уцекача, які атрымаў Ежэль у Беларусі, практычна выключае яго экстрадыцыю ва Украіну.

Дзяржаўныя беларускія медыя пакуль што не каментуюць атрыманне Міхаілам Ежэлем новага статусу.

Беларускае Радыё Рацыя