Кубінскі IT-прарыў



Памятаеце тыя часы, калі мабільны тэлефон быў толькі тэлефонам. І выйсці з яго ў інтэрнэт, каб паглядзець надвор’е, лайкнуць паведамленні сяброў і запосціць фота, было немагчыма. Мы даўно забыліся, што былі такія часы. А дзеці дык і не павераць, што з тэлефона немагчыма паглядзець “Свінку Пэпу”. Аднак ёсць краіны, дзе мабільны інтэрнэт з’яўляецца толькі цяпер. У некаторых краінах ужо 5G знаходзіцца на фінальнай стадыі выпрабаванняў, а на Кубе толькі цяпер усталёўваюцца 3G-тэхналогіі. Прагрэс проста навідавоку. Нязменны дыктатар Кубы Фідэль Кастра на тым свеце, відаць, хвалюецца. Можна сказаць, перавярнуўся ў сваёй труне. Гэта ж цяпер, з інтэрнэтам, на Кубе можа новая рэвалюцыя адбыцца: і ўсё, дыктатуры Кастра наступіць канец.

Як варта было чакаць для такіх рэжымаў, як на Кубе, мабільны інтэрнэт атрымалі ў першую чаргу журналісты дзяржаўных СМІ. Вам гэта нічога не нагадвае? Мяркую, калі б мабільны інтэрнэт уводзілі ў Беларусі, то яго б таксама атрымалі розныя “Савецкія Беларусі” ды “Праўды”.

Цана на мабільны інтэрнэт на Кубе будзе яшчэ тая. Таней будзе каштаваць ром з сігарай. Адна гадзіна карыстання кропкай дасягу будзе каштаваць 1 даляр. Гэта пры тым, што сярэдні заробак кубінцаў складае 30 даляраў у месяц. Вось дасягненне краінаў камуністычнага лагеру: свабоды няма, затое цэны – высокія.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ