Прадстаўнік зялёных: Беларуская атамная станцыя – дзіця карупцыйных схемаў



Будаўніцтва атамнай электрастанцыі каля Астраўца, што на Гарадзеншчыне, стала рассаднікам карупцыі ў Беларусі, – лічыць прадстаўнік Беларускай партыі Зялёныя Дзмітрый Кучук. Такое меркаванне ён выказаў падчас прэзентацыі „Антыкарупцыйнай платформы” – дакументу, створанага сумеснымі намаганнямі адзінаццаці партый і грамадскіх аб’яднанняў краіны. Асноўным партнёрам беларускага боку па будаўніцтву АЭС з’яўляецца расейская кампанія „Атомстройсервис”.

– Пры будаўніцтве атамнай станцыі адна з матывацыяў нашага ўраду з’яўляецца, напэўна, нейкія карупцыйныя схемы. Таму што Росатам з’яўляецца адной з самых карумпаваных карпарацый у свеце, 271 чыноўнік гэтай карпарацыі, прычым вельмі высокага ранга, у мінулым годзе быў абвінавачаны ў карупцыйных схемах. Мы лічым, што наш урад, будуючы атамную станцыю, мае непасрэдную ў гэтым матывацыю – карупцыйную схему.

Таму што эканамічнага абгрунтавання і эканамічнай логікі ў будаўніцтве гэтага грандыёзнага аб’екту для Беларусі няма, – лічыць Дзмітрый Кучук. І таму важна ўважліва адсочваць тое, што адбываецца пры будаўніцтве, як аб’яўляюцца тэндэры і выяўляць карупцыйныя схемы, – сказаў прадстаўнік зялёных.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя