„Белавія” набудзе ў лізінг чатыры новыя Boeing 737



„Белавія” набудзе ў лізінг чатыры сучасныя авіялайнеры Boeing 737 MAX. Пра гэта прадстаўнікі беларускай авіякампаніі і амерыканскай лізінгавай кампаніі Air Lease Corporation (ALC) абвясцілі на адным з найбуйнейшых у свеце авіясалонаў Фарнбара ў Вялікабрытаніі 17 ліпеня.

Як паведамляе прэс-служба „Белавія”, пастаўка новых самалётаў з завода-вытворцы ў Сіэтле ў Менск запланавана ў 2019-2020 гадах. Першы авіялайнер у рамках гэтай здзелкі чакаецца ў Менску ў маі наступнага года.

Гэта будзе ўжо другая прамая пастаўка новых авіялайнераў з завода карпарацыі Boeing. Так, у 2016 годзе авіякампанія набыла ва ўласнасць тры самалёты Boeing Next Generation 737-800.

„Перадавыя тэхналогіі на самалёце MAX забяспечаць новы ўзровень эфектыўнасці і камфорту для кліентаў „Белавія”, і мы з нецярпеннем чакаем працягу нашых паспяховых адносін з авіякампаніяй, паколькі яна аптымізуе свой флот і пашырае маршрутную сетку”, — цытуе прэс-служба выканаўчага старшыню ALC Стывена Ф. Удвар-Хазі.

Генеральны дырэктар авіякампаніі „Белавія” Анатоль Гусараў падкрэсліў, што паветраныя судны чацвёртага пакалення Boeing 737 MAX дазволяць вывесці з эксплуатацыі Boeing 737 Сlassic, што „істотна амалодзіць авіяпарк”. Паводле яго слоў, асноўным адрозненнем новай распрацоўкі Boeing стала выкарыстанне больш магутных рухавікоў CFM International LEAP-1B, якія забяспечаць падвышэнне паліўнай эфектыўнасці на 10—12%.

„Авіякампанія „Белавія” планамерна працягвае рэалізоўваць стратэгію па абнаўленні авіяпарку дзякуючы ўзаемадзеянню з такімі надзейнымі партнёрамі, як ALC. Набыццё чатырох самалётаў найноўшага пакалення ў лізінг будзе спрыяць далейшаму развіццю авіякампаніі і, адпаведна, падвышэнню якасці абслугоўвання пасажыраў. Мы спадзяемся, што пастаўка Boeing 737 MAX дазволіць нашым пасажырам пачынаць падарожжа толькі з пазітыўных уражанняў і зробіць палёты максімальна камфортнымі”, — падкрэсліў Гусараў.

Паводле дадзеных на чэрвень, флот „Белавія” налічваў 29 паветраных суднаў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, тры Embraer-175, чатыры Embraer-195, чатыры CRJ-100/-200).

БелаПАН