“Разрушим всё до основанья, а затем…”
Грамадскі актывізм можа праяўляцца ў рэальным жыцці ды інтэрнэце. Тут галоўнае не форма, а змест і вынік. Возьмем сітуацыю з Асмалоўкай – мясцовы актывізм разам з інтэрнэт-петыцыямі дазволілі захаваць харошы атмасферны куточак Менска.
Незвычайная петыцыя з’явілася ў інтэрнэце 1 ліпеня – зварот неабыякавых грамадзянаў да Менскага гарадскога выканаўчага камітэта з прапановай ні больш ні менш… дэмантаваць помнік Леніну па праспекце Незалежнасці. Прасцей кажучы, прыбраць старэчу Леніна ад Дома ўрада па той простай прычыне, што ён не ўпісваецца ў нашу сістэму каштоўнасцей. Зразумела – не ўпісваецца… Да таго ж ён крывавы тыран. Зразумела – тыран… І месца яму не толькі на сметніку гісторыі, але на сметніку такіх вось састарэлых помнікаў прамінулай савецкай эпохі. Такі музей пад адкрытым небам трэба зладзіць у свабоднай і незалежнай краіне. Трэба… Што маем цяпер? 723 подпісы летуценікаў-інтэрнаўтаў, якія прапанавалі яшчэ і творчы конкурс сярод беларускіх скульптараў зладзіць з мэтай стварыць і ўсталяваць іншы манумент. Іншай асобе.
Можна збіраць подпісы і надалей, але дзяржаву, якая дазваляе будаваць рэстарацыю на касцях ля Курапатаў, наўрад ці хвалююць подпісы тых, каму не падабаецца Ленін. Ім Сталін падабаецца – якія прэтэнзіі да СССР увогуле? Ніякіх. Размову пра прэтэнзіі можна працягваць доўга, але на фоне замоўчвання або апраўдвання сталінскіх рэпрэсій помнік Леніну не падаецца чымсьці страшным. Гэта адбітак пэўнай эпохі. І варта пакінуць парачку, каб нагадвалі, да якіх жахаў могуць дайсці людзі ў змаганні за свае ідэалы.
Тым болей, побач з будынкам Дома ўрада ён выглядае даволі арганічна.