Беларусь і Латвія рыхтуюць візіт Лукашэнкі ў Рыгу



Беларусь і Латвія рыхтуюць візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Рыгу. Пра гэта міністры замежных спраў Беларусі і Латвіі Уладзімір Макей і Эдгарс Рынкевічс паведамілі на прэс-канферэнцыі ў Рызе 19 ліпеня па выніках перамоў.

„Мы абмяркоўвалі пытанні абмену візітамі на высокім і вышэйшым узроўнях, у тым ліку і магчымы візіт прэзідэнта Беларусі ў Латвію. Гэта нармальна, калі ажыццяўляюцца такога роду мерапрыемствы паміж суседнімі краінамі, з якімі існуюць сяброўскія адносіны”, — заявіў Макей. Паводле яго слоў, візіты такога ўзроўню „заўсёды даюць новы імпульс у развіцці супрацоўніцтва”.

Рынкевічс у сваю чаргу ўдакладніў, што напярэдадні візіту ў Рызе плануецца правесці 13-е пасяджэнне латвійска-беларускай міжурадавай камісіі, на якім трэба будзе абмеркаваць „многія практычныя пытанні эканамічнага супрацоўніцтва”.

Афіцыйнае запрашэнне наведаць Рыгу Аляксандру Лукашэнку было перададзена ў лютым 2018 года падчас візіту ў Менск прэм’ер-міністра Латвіі Марыса Кучынскіса.

belapan.by