У Белавежскай пушчы абмяркоўваюць, як супрацоўнічаць з аграсядзібамі
Пытанні ўзаемадзеяння гаспадароў аграсядзібаў і ахоўных прыродных тэрыторый абмяркоўваюць 29 лістапада ў Белавежскай пушчы з беларускага боку. Сярод удзельнікаў – прадстаўнікі экатурызму і грамадскага сектару, адміністрацыя нацыянальнага парку і іншыя зацікаўленыя асобы.
Адзін з арганізатараў круглага стала, прадстаўнік грамадскай арганізацыі ’’Ахова птушак Бацькаўшчыны’’ Андрэй Абрамчук распавёў пра тое, у чым важнасць такой сустрэчы:
– Ідэя круглага стала – абмеркаваць, якім чынам можа быць наладжана ўзаемадзеянне аграсядзібаў і нацыянальнага парку, каб гаспадары аграсядзібаў маглі развіваць свой бізнес, не наносячы шкоды прыродным экасістэмам, не ўступаючы ў канфлікт з нацыянальным паркам, і адпаведна нацыянальны парк мог больш шырока прапаноўваць тое, чым ён багаты, для чаго створаны, то бок – дзікую прыроду. Каб усё гэта дзейнічала рацыянальна з мінімальным уздзеяннем на прыродныя экасістэмы нацпарка.
У праграме круглага стала – прэзентацыя дзейнасці агра- і экасядзібаў і абмеркаванне прыкладаў узаемадзеяння з імі нацыянальных паркаў у іншых краінах. Мерапрыемства пройдзе ў рамках праекту ’’Школа праваднікоў’’ пры падтрымцы ПРААН.
Беларускае Радыё Рацыя