Ігар Акулаў: Пошук Максіма Мархалюка загналі ў тупік



Праваахоўнікі не спадзяюцца знайсці зніклага ў Белавежскай пушчы  школьніка Максіма Мархалюка. Гэта вынікае са слоў старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах аддзела арганізацыі вышуковай працы Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Сяргея Куляшова. 

У сваю чаргу жыхар Белавежскай пушчы і былы мясцовы егер прытрымліваецца версіі, што да знікнення хлопчыка маглі быць датычныя мясцовыя чыноўнікі, якія, з яго слоў, «як шалёныя носяцца п’янымі па мясцовай дарозе, непазначанай на мапах».

Ігар Акулаў адзначае, што пасля яго публічных заяў, адчуў адпаведны ціск, і лічыць, што справу аб знікненні хлопчыка адмыслова загналі ў тупік. 

– Знайшлі гэты веласіпед, а далей замест таго кад нармальна заняцца пошукам, яны выклікалі клуб “Зубр” на ўазіках, што гразь месяць, і ўсе дарожкі яны з’ездзілі. І гэтыя ўскосныя доказы былі знішчаны. З веласіпеда адбіткі пальцаў знялі на трэці дзень. Гэтую справу загналі ў тупік настолькі, што зараз ходзяць па бабках-варажбітках.

Былы следчы Алег Воўчак лічыць, што версія Ігара Акулава мае права на жыццё, і звяртае ўвагу на адсутнасць канкрэтнай справаздачы па знікненню Максіма Мархалюка перад грамадскасцю з боку праваахоўных органаў.

– Ні пракуратура, ні следства да сёння не зрабілі ніякай справаздачы. Усе ж з мабільнікамі ездзяць. Хлопчык не мог проста так знікнуць. Трэба было “прабіць” па тэлефонных вышках і высветліць, хто гэта здзейсніў.

10-гадовы жыхар вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна Гарадзенскай вобласці Максім Мархалюк знік у Белавежскай пушчы ўвечары 16 верасня мінулага года. Хлопчык быў абвешчаны ў міжнародны вышук. У самай маштабнай за гісторыю краіны пошукавай аперацыі выкарыстоўваліся авіяцыя і беспілотныя лятальныя апараты, а таксама ўдзельнічалі каля двух тысяч чалавек – усё бызвынікова.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя