Прасунутая краіна IT-геніяў



У кожнай краіны – свае асаблівасці, што і надае людзям імпэту да падарожжаў! І калі ў Францыі вы ўбачыце Эйфелеву вежу ды пакаштуеце смачных сыроў з вустрыцамі, то ў Беларусі вустрыц няма, затое ёсць свой Парыж, свае слімакі ды іншыя цікавосткі…

Абітурыенцкая кампанія бягучага года завяршаецца, затое наступны навучальны год рыхтуе нам новыя сюрпрызы. З’яўленне аграрных класаў на базе школаў у невялікіх беларускіх гарадах і буйных вёсках – ужо не навіна. Новае тут – навучальная праграма факультатыва “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, што была зацверджана і размешчана на партале pravo.by.

Праграма разлічана на 140 гадзін. Пароды кароў і коз, пчолы, шкоднікі і хваробы раслін, нітраты, палі, трактары і ўсё з гэтым звязанае расклалі па палічках ды сістэматызавалі. Было б жаданне вучыцца ды працаваць у сельскай гаспадарцы – метадычка ўжо маецца! Выпускнікі агракласаў змогуць вызначаць склад раствораў, крухмал у абразцах с/г прадукцыі, фізіка-хімічныя паказчыкі тлушчаў, адрозніваць мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, класіфікаваць грыбы, вымяраць тэмпературу і вільготнасць глебы…

Гучыць фантастычна і месцамі інтрыгуюча, але ўсё роўна лепшыя вучні беларускіх школаў будуць марыць пра IT, а не пра трактары ды збожжа. Па той простай прычыне, што свабода і грошы важнейшыя за той “патрыятызм”, які навязваецца зверху і апрыёры ні свабоды, ні грошай не дае. Нават не абяцае.

І тут маем яшчэ адну цікавую рэч – нельга жыць у Беларусі і быць напоўніцу вольнымі ад яе. Патрыятызм дабіраецца і да праграмістаў. У нас ствараюць IT-роту. Першы прызыў – у лістападзе. Міністэрства абароны прапанавала рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій сустрэцца і вырашыць, хто ў роту служыць пойдзе… З тых таварышаў, што ў войску адслужыць не паспелі.

Рота інфармацыйных тэхналогій – гэта вам не снег кубікамі фармаваць! Прагрэс.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ