Беларусь абмяжоўвае ўвоз птушкі са Смаленскай вобласці з-за птушынага грыпу
Беларусь абмяжоўвае ўвоз птушкі са Смаленскай вобласці Расеі з-за птушынага грыпу. Такая інфармацыя размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.
Паводле інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро, на тэрыторыі Смаленскай вобласці зарэгістраваны новы выпадак захворвання птушак на высокапатагенны грып. У сувязі з гэтым з 21 ліпеня ўводзяцца часовыя абмежаванні на ўвоз у Беларусь з гэтага рэгіёна жывой птушкі, інкубацыйных яек, дзікіх, заапаркавых і цыркавых жывёл, мяса птушкі, яечнага парашку, меланжу, альбуміну і іншых харчовых прадуктаў перапрацоўкі курыных яек, пуху і пер’я, паляўнічых трафеяў (птушкі) і іншай прадукцыі.
У дэпартаменце інфармуюць аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры кантролю па забеспячэнні біялагічнай абароны птушкагадоўчых аб’ектаў усіх форм уласнасці.
Грып птушак – кантагіёзная хвароба, якая характарызуецца прыгнечаным станам, ацёкамі, пашкоджаннем органаў дыхання, стрававання. Эканамічны ўрон ад яго вялікі ў сувязі з масавай гібеллю хворых птушак, неабходнасцю строгіх каранцінных і ветэрынарна-санітарных мерапрыемстваў, уключаючы знішчэнне хворых птушак.