Зэльвенцаў хвалююць дзясяткі пытанняў, але яны не вырашаюцца



На Зэльвеншчыне, як і ў іншых рэгіёнах Гарадзеншчыны, часта адбываюцца сустрэчы жыхароў пасёлка з вертыкальшчыкамі, праходзяць адзіныя дні інфармавання людзей.

Падобны дзень сустрэчы жыхароў пасёлка з чыноўнікамі прайшоў нядаўна ў Зэльве.

Падчас сустрэчы людзей у першую чаргу хвалявала пытанне адсутнасці ў пасёлку лазні. Лазня, праўда, ёсць, але яна не працуе. Таму што даўно знаходзіцца на рамонце і яе так і не могуць адрамантаваць.

Адсутнічае ў Зэльве і басейн, таксама шмат часу ён рамантуецца. І лазню, і басейн чыноўнікі паабяцалі “запусціць” восенню.

Жыхароў Зэльвы хвалююць і ўпарадкаванне вуліц пасёлка, асабліва вуліцы Матросава, чаму не прыбіраюцца пад’езды шматпавярхоўных дамоў, рамонт будынкаў, падвядзенне каналізацыі ў прыватны сектар у мікрараён Паўночны і дзесяткі іншых.

Шмат пытанняў зэльвенцы заўсёды задавалі і задаюць вертыкальшчыкам наконт дрэннага медыцынскага абслугоўвання, людзі цікавіліся графікам і ўмовамі працы вадзіцельскай камісіі, ультрагукавым абследаваннем дзяцей, лёсам недабудаванай паліклінікі і іншымі шматлікімі пытаннямі, якімі павінны займацца чыноўнікі і сур’ёзна іх вырашаць. Але гэтыя пытанні і іншыя пакуль у Зэльве застаюцца нявырашанымі.

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльва