Актывістка Вікторыя Біран зноў аштрафаваная за фота з плакатам



Сузаснавальніца гендарнага праекта Makeout Вікторыя Біран аштрафаваная за фота ля Дома ўрада на 15 базавых велічыняў (367,5 рубля). Такое рашэнне вынесла 23 ліпеня суддзя суда Маскоўскага раёна Менска Таццяна Мотыль падчас паўторнага разгляду пратакола, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Актывістка прызнаная вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП).

У дачыненні да Біран былі складзеныя тры аналагічныя адміністрацыйныя пратаколы за фатаграфаванне з транспарантам у розных месцах сталіцы, аднак суды Маскоўскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў Менска накіравалі іх на дапрацоўку ў адпаведныя РУУС. 16 ліпеня суд Цэнтральнага раёна вынес рашэнне пра штраф у 15 базавых велічынь. Сродкі для аплаты штрафу былі сабраныя за некалькі гадзін на краўдфандынг-платформе Talaka.by.

Як адзіночны пікет супрацоўнікі міліцыі расцанілі фатаграфаванне з плакатам „Самі вы падробка” на фоне будынкаў МУС, КДБ і Дома ўрада 24 мая. Такім чынам Біран выказала сваё стаўленне да пазіцыі Міністэрства ўнутраных спраў аб правах людзей нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі.

Як паведамлялася, 17 мая, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, на будынку пасольства Вялікабрытаніі ў Менску быў вывешаны вясёлкавы сцяг.

20 мая на сайце МУС з’явіўся каментар, у якім выказвалася шкадаванне ў сувязі з гэтым. „Ініцыятыву замежнай дзяржавы стварыць праблемы там, дзе іх не існуе, удалай назваць нельга. <…> Менавіта 17 мая прыхільнікі аднаполых адносін вызначылі гэткім святам. Але што ён сабой уяўляе? Ніколі ў нашай краіне гэты дзень не з’яўляўся і не з’яўляецца нейкім памятным і значным. Прычына таму відавочная — пераважная большасць беларусаў прытрымліваюцца традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, у тым ліку хрысціянскіх. А заявы такога кшталту — выклік гэтым каштоўнасцям”, — гаварылася ў каментары МУС.

„ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за „свае правы”, і сам дзень супольнасці — усяго толькі падробка! — заявілі ў МУС. — Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу. Але пры гэтым мы ў роўнай ступені адкрытыя для ўсяго карыснага, патрэбнага, прагрэсіўнага: для ўсяго таго, што палепшыць жыццё беларуса і будзе спрыяць развіццю грамадства ў цэлым. Мы — за сапраўднае, яны не пройдуць!”

БелаПАН

Фота з сацсетак