У гарадзенскіх журналістаў прайшлі ператрусы (абноўлена)
У Гародні міліцыя правяла ператрусы ў мясцовых журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”.
Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса затрымалі ў другой палове дня і некалькі гадзін пратрымалі ў пастарунку. Пасля міліцыянты паехалі праводзіць ператрусы ў іх дамах.
Як паведамляе „Белсат”, каля 21.50. ператрус у Кайрыса скончыўся: праваахоўнікі забралі тры кампутары, тэлефон і жорсткі дыск з флэшкамі. Ператрус прайшоў у межах праверкі па двух справах – праца без акрэдытацыі і абраза.
Сітуацыю каментуе журналіст Алесь Дзянісаў:
– Быў не ператрус – гэта быў агляд. Розніца такая, што яны адразу папярэдзілі, што будуць канкрэтна забіраць. Яны сказалі: „Нас цікавяць лічбавыя носбіты: флэшкі, жосткія дыскі, ноўтбукі, камп’ютары”. У выніку ў мяне забралі: камп’ютар, ноўтбук, тэлефон. Прычым карткі мне дзякуй Богу аддалі. Забралі камеру, якая была пры мне, якую я ўвесь час з сабой цягаў.
Агляд таксама адбываўся і на кватэры яго хворай маці:
– У маці быў шок, у яе хворае сэрца, потым я бегаў да яе разам з жонкай, суседкі прыйшлі. Для іх гэта быў страшэнны стрэс. Не магу сказаць, што міліцыянты паводзілі сябе некарэктна, зразумела, што гэта былі проста дробныя выканаўцы, якім загадалі зрабіць гэта. Таму ў мяне прэтэнзіі ў прынцыпе не да гэтых міліцыянтаў, якія праводзілі гэты агляд. У мяне прэтэнзіі канкрэтна да тых людзей, начальнікаў, міліцыі, КДБ, якія робяць такую брудную справу.
Журналісты будуць дамагацца вяртання тэхнікі, бо яны фактычна засталіся без працоўных інструментаў. У Алеся Дзянісава забралі відэакамеру, ноўтбук ды мабільны тэлефон.
Беларускае Радыё Рацыя