Пра калапс на беларускіх вуліцах



На гэтым тыдні ў Беларусі захаваецца цёплае і дажджлівае надвор’е. Перадае Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі. Беларускія ўлады з гэтай нагоды, відаць, п’юць валяр’янку.

Беларускія гарады і мястэчкі плаваюць. Дажджы ў Беларусі не спыняюцца. А паколькі дарогі ў нас пабудаваныя эканомна, то і залівае іх кожны раз пасля дажджу. Прычым залівае так, што некаторыя ўчасткі пераўтвараюцца ў рэкі. І можна колькі заўгодна гаварыць, што ў многіх краінах такое здараецца пасля моцных дажджоў. Аднак чамусьці  пачынаеш у гэтым сумнявацца, калі не бачыш на некаторых беларускіх вуліцах ліўнёўкі.

Напрыклад, у Гомелі пасля дажджу здарыўся транспартны калапс. Залева, якая пачалася ноччу і працягнулася да абеду, пераўтварыла некаторыя вуліцы ў Венецыю. Прыватны аўтатранспарт, паплаваўшы на такіх вуліцах, ехаў потым на эвакуатарах. Многія кіроўцы таксі вырашылі ўвогуле не выходзіць на працу. А грамадскі транспарт ездзіў кругамі. У выніцу, сотні гамяльчан не змаглі дабрацца ў час у патрэбныя ім месцы. Пашанцавала, што залева здарылася ў выходны. Інакш – палова горада ў гэты дзень спазнілася б на работу. А ўвесь горад быў бы паралізаваны.

Падобная да Гомеля сітуацыя здаралася ў гэтым месяцы ў многіх беларускіх гарадах. Аднак беларускія ўлады ўпарта працягваюць сцвярджаць, што прычына – у дажджы, а яны тут ні пры чым. Вось толькі дажджы такія здараюцца ўлетку штогод, а ліўнёўкі да ладу так і не даводзяць. А ў некаторых месцах іх увогуле няма. Так  што, можа быць,  справа не толькі ў залевах.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ