Сяргей Пальчэўскі. Курапацкая варта



Абудзіліся рана. Не выспаліся, бо ляглі позна. Трэба было да восьмай раніцы ўжо быць у Курапатах.

Жылі мы з Арцёмам на іншым канцы Менска, на вуліцы Ландэра, што недалёка ад кальцавой. Здымалі аднапакаёўку ў Славаміра Адамовіча, паэта, першага палітвязня Беларусі. Браў ён недорага, але галоўнае канешне сама асоба гаспадара – аўтар верша “Забіць прэзідэнта”, кіраўнік “Правага рэваншу”, ён зашыў сабе рот на мітынгу ў знак пратэсту. Адным словам – наш чалавек, як казаў генерал Фралоў – “настаяшчы адмарозак”. Дарэчы, не ведаю, як там раней было ў маладафронтаўцаў, але для нашай хвалі “адмарозак” было амаль што ганаровым тытулам, якому мы імкнуліся адпавядаць. Прыемна было лічыць сябе самымі рашучымі, бескампраміснымі змагарамі-адмарозкамі ва ўсёй Беларусі. Вось Славамір і быў для нас тым “адмарозкам”, на якога трэба было раўняцца. Жыць у яго кватэры было для нас нават гонарам. І вось з гэтай кватэры легендарнага змагара Адамовіча мы і рушылі ў наш шлях да Курапатаў.

За пару дзён да гэтага размаўлялі са Змітром Дашкевічам, вырашалі, што будзем рабіць і ці будзем увогуле. У СМІ была інфармацыя, што ў былой ахоўнай зоне Курапат ужо пачалося будаўніцтва, прыйшлі будаўнікі, пачалі завозіць будматэрыялы і агароджваць пляцоўку плотам. Тэрыторыя, на якой планавалі ўзвесці бізнэсцэнтр, раней была ў ахоўнай зоне мемарыяла, але яе спачатку купілі, а потым з ахоўнай зоны вывелі. Не ведаю, якія там спрацавалі карупцыйныя схемы, і што там з юрыдычным бокам пытання, але нас гэта асабліва не хвалявала і, вядома, спыніць не магло. Наша разуменне таго, што законна і справядліва, трошкі адрозніваецца ад таго, як гэта разумеюць прадстаўнікі цяперашняй улады ў Беларусі.

Ці будзем мы ўвязвацца ў гэтую тэму, залежала ад меркаванай падтрымкі мясцовых жыхароў. Каб высветліць гэта, Дашкевіч вырашыў у суботу 18 лютага 2017 года прыехаць на месца і на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца і як да гэтага ставяцца мясцовыя. Выявілася, што мясцовыя жыхары цалкам супраць будоўлі, і мы можам разлічваць на іх падтрымку. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне пачынаць пратэст.

Дашкевіч нас папярэдзіў, што гэта будзе вельмі складаная і цяжкая акцыя, што яна можа зацягнуцца на невядома які тэрмін. Падобная акцыя пратэсту ў Курапатах у 2001 – 2002 гадах цягнулася 9 месяцаў. Трэба сказаць, што я неяк несур’ёзна паставіўся да папярэджанняў Змітра, бо мой асабісты досвед удзелу ў акцыях Маладога фронту за 2016 год сведчыў, што ўсё гэта не павінна зацягнуцца надоўга і да вечара таго ж дня мы ўжо будзем у якім-небудзь РАУСе. І максымум, што нам гэта можа каштаваць, – гэта некалькі содняў адміністрацыйнага арышту за несанкцыянаванае мерапрыемства. Але ў гэты час яшчэ дзейнічала так званая “лібералізацыя” ў палітыцы ўладаў, сутнасць якой заключалася ў тым, што палітычных актывістаў перасталі садзіць на содні за пратэстныя акцыі, а давалі толькі штрафы.

Выкарыстоўваючы гэтую сітуацыю з “лібералізацыяй”, Малады Фронт разгарнуў у 2016-м годзе вельмі бурную дзейнасць. І я ў гэтай дзейнасці прымаў непасрэдны ўдзел. Па дадзеным праваабарончага цэнтру “Вясна” мяне прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў 2016-м годзе каля дваццаці разоў. І ва ўсіх гэтых выпадках я абмяжоўваўся штрафамі. Такім чынам, каб сесці на содні трэба было яшчэ пастарацца.

Таму мы з Арцёмам асабліва не рыхтаваліся да сур’ёзнага супрацьстаяння. У панядзелак 20 лютага падняліся недзе а 6-й раніцы і пачалі збірацца. Апрануліся як заўсёды, але гэтае “заўсёды” не было разлічана на шматгадзіннае стаянне на марозе, таму, можна сказаць, што былі лёгка апрануты. Ехалі на 76-ай маршрутцы праз увесь горад з Ландэра да Мірашнічэнкі, дзе на прыпынку сустрэліся з Крэмам, Уладзем і Раманычам. Патэлілі Дашкевічу. Ён ужо быў на месцы. Мы па-ціху рушылі ў бок будоўлі. Па дарозе сустрэлі журналістаў з Радыё Свабода, якіх загадзя запрасіў Дашкевіч і якія, таксама як і мы, шукалі яго. Акрамя журналістаў, нас таксама сустракалі аператары са спецслужб. Але нам ніхто не перашкаджаў, нас не скруцілі на подступах да будоўлі, ці каля пад’ездаў, як гэта звыкліся практыкаваць спецслужбы, таму стала зразумела, што нам дадуць правесці акцыю.

Першым чынам мы пачалі ставіць намёт. Абралі месца акурат пасярод будпляцоўкі, каб як мага больш перашкаджаць будаўнікам. Намёт, трэба адзначыць, выглядаў камічна: невялічкі, стары вайсковы намёт, які прамакаў ушчэнт. У ім з цяжкасцю маглі змясціцца два чалавекі. Да намёта прымацавалі бела-чырвона-белы сцяг, які па памерах быў амаль як сам намёт. Намалявалі шыльдачку “Абарона Курапатаў”, якую ўтачылі каля намёта.

Дашкевіч адразу пачаў пісаць пост у фэйсбук з заклікам далучацца.

Будаўнікі пачалі падцягвацца на працу акурат, калі мы там пачалі сваю кіпучую дзейнасць. Глядзелі на нас здзіўлена, але пакуль нічога не казалі, спакойна рыхтаваліся да працы. У гэты ж час ішлі на працу і мясцовыя жыхары. Спыняліся, выказвалі нам сваю незадаволенасць будоўляй і ішлі далей. Нехта з жыхароў прылеглых дамоў прынёс нам гарбату ў тэрмасе.

Нарэшце будаўнікі пачалі працу, не звяртаючы на нас увагі. Непадалёк ляжала купа дошак, з якой яны па адной бралі і неслі да плота, дзе прыбівалі дошкі да слупоў. Апынуцца абнесенымі плотам нам не вельмі хацелася. Нехта з нашых прапанаваў залезці на гэтыя дошкі і сядзець на іх, каб такім чынам перашкаджаць будаўнікам працаваць.

Прыкладна ў гэты час да нас далучыўся першы неабыякавы грамадзянін. Яго звалі Сяргей. Вучыўся на апошнім курсе філасофскага факультэта БДУ. Мы яго так і называлі між сабой – Філосаў. Ён прыйшоў літаральна праз пару гадзін пасля таго, як Дашкевіч запрасіў ў фэйсбуку далучацца да нашай акцыі пратэсту. Увесь першы дзень абароны Курапатаў Філосаў быў з намі. Прычым не проста быў і аказваў маральную падтрымку, як большасць з тых, хто так ці інакш за ўвесь час спрычыніўся да гэтага пратэсту, а браў непасрэдны ўдзел ў фізічным супрацьстаянні з будаўнікамі, чым нам вельмі моцна дапамог.

Тым часам, будаўнікі перасталі працаваць з дошкамі праз тое, што мы на іх сядзелі, затое пачала працаваць тэхніка. На тэрыторыю будоўлі заехаў МАЗ з поўным кузавам пяску. Адзіным варыянтам спыніць яго працу – было стаць на яго шляху і не даваць яму праехаць. Мы кінуліся да МАЗа, фактычна пад колы. Ён спыніўся.

Нейкі час будаўнікі вырашалі, што рабіць далей. Потым брыгадзір даў каманду выгружаць проста на тым месцы, дзе грузавік спыніўся. Кузаў МАЗа пачаў падымацца. Частка з нас сталі ззаду грузавіка такім чынам, каб пясок высыпаўся проста на іх, калі кіроўца працягне выгружаць кузаў. Пасля гэтых нашых захадаў разгрузка спынілася. Але па тэрыторыі будоўлі пачаў рухацца нейкі маленькі трактар з дапамогай якога будаўнікі выкопвалі ямы пад слупы для плота. Я кінуўся да гэтага трактара, адчыніў кабіну, ускочыў на яго і крыкнуў кіроўцу: “Глушы! Вы тут працаваць не будзеце!” Пасля нядоугіх перамоваў, кіроўца заглушыў трактар і пайшоў раіцца з брыгадзірам. Тым часам, пакуль наша увага была адцягнута трактарам, грузавік, які мы спынілі, выгрузіў пясок і з’ехаў.

Усё гэта адбывалася пад камерамі журналістаў і аператараў спецслужб. І страх і адрэналін безумоўна прысутнічалі. Але неабходна было кантраляваць эмоцыі. Трэба было дзейнічаць станоўча і дзёрзка, каб напужаць кіроўцаў і адначасова ў парыве эмоцый не начудзіць такога, што потым маглі б выкарыстаць, як падставу для доўгатэрміновай пасадкі. Калі я ўскочыў на трактар і адкрыў кабіну, я разумеў, што гэта максымум, які я магу сабе дазволіць ў гэтай сітуацыі. Але, дзякуй Богу, гэтага апынулася дастаткова, каб яго спыніць. Такая сабе псыхалагічная барацьба адбывалася, у каго нервы мацнейшыя.

Недзе каля дванаццатай гадзіны на будпляцоўку прыехалі два чалавекі ў цывільным і пачалі насіць бярвенні. Выглядалі яны дзіўна для гэтай справы. У пухавых куртках, скураных туфлях. Але казалі, што яны будаўнікі. Мы залезлі на бярвенні, каб перашкодзіць ім іх цягаць. Так пачалася наша першая бойка з будаўнікамі. Хаця бойкай гэта можна назваць толькі з нацяжкай. Ніхто нікога не біў, але вельмі моцна штурхалі адзін аднаго, вырывалі бярвенні. У момант, калі эмоцыі дасягнулі піку і з высокай доляй верагоднасці ўсё магло перарасці ў сапраўдную бойку, паміж варагуючымі бакамі нечакана з’явіўся міліцыянт у цывільным, і, як у амерыканскіх фільмах пра копаў, выцягнуў руку з адкрытай ксівай і выкрыкнуў: ”Усім стаяць! Міліцыя!” Потым прадставіўся і пачаў усіх пужаць адказнасцю за злоснае хуліганства. Дарэчы, гэтага міліцыянта я памятаю яшчэ з 2014-га года. Цімур яго завуць. Ён мяне на пікеце арыштоўваў. Я тады атрымаў 10 содняў. Пасля ўсіх міліцыянтаў у цывільным, якія нас здымалі падчас нашай Курапацкай варты, мы называлі цімураўцы, альбо Цімур і яго каманда, па аналогіі з аднайменнай аповесцю Гайдара.

Потым падышоў міліцыянт па форме, пачаў дакументы ў нас правяраць. У аднаго з нашых не было з сабой пашпарта і ён прапанаваў яму праехаць у райаддзел для высвятлення асобы. Але Цімур шапнуў нешта міліцыянту на вуха, і той райаддзел больш не прапаноўваў.

Мы ўжо палову дня на той момант мітынгавалі, але міліцыя не спяшалася нас адвозіць у пастарунак. Хаця будаўнікі нам самі казалі, што разоў 10 ужо выклікалі на нас АМАП. Можа такая цікавая сітуацыя склалася таму, што Лукашэнка акурат у гэты дзень паляцеў адпачываць у Сочы, дзе павінен быў прабыць цэлы тыдзень, і спецслужбы без вярхоўнага не ведалі, што рабіць, чакалі прыезду. Калі сапраўды так, гэта сведчыла б пра нетрываласць дыктатарскага рэжыму ў Беларусі. Прыбяры аднаго чалавека – і праца дзяржаўных органаў паралізуецца.

Падзеі, якія адбываліся тут, у Курапатах, паступова прыцягвалі ўвагу грамадства. Пачалі прыязджаць іншыя людзі, прадстаўнікі СМІ, блогеры. Прыехалі Эдуард Пальчыс, Павел Севярынец. Калі прыехаў Павел, мне нават псіхалагічна лягчэй стала. Справа ў тым, што натхняючы нас лідэр – Зміцер Дашкевіч – праз пару гадзін пасля пачатку акцыі з’ехаў: былі ў яго нейкія справы па працы. Таму самую дзвіжуху ён прапусціў, то бок, у бойцы з будаўнікамі ў туфельках не ўдзельнічаў. Таму прыезд Паўла дадаў мне моцы. Трэба адзначыць, што ўсведамленне таго, што нас мала і нас атачаюць плотам, што нас раней ці пазней забярэ АМАП, вельмі моцна прыгнечвала. Нервы былі на мяжы. Калі прыехаў Севярынец, я папрасіў, каб ён памаліўся за нас. Я ведаю Паўла, як вельмі веруючага і добрага чалавека, і нават простая яго прысутнасць неяк супакойвала.

Усе сталі ў кола, Павел маліўся, мусара здымалі, будаўнікі назіралі. Эпічная карціна, можаце сабе ўявіць. У такой сітуацыі дзе шукаць падтрымкі як не ў Бога? Асабіста я іншых варыянтаў не ведаю.

Між тым, будаўнікі працягвалі ставіць плот вакол будоўлі. Але цяпер яны рабілі яго з разборных металічных секцый. Іх не трэба было ўкопваць, а між сабой яны злучаліся дротам. Такі плот ставіўся нашмат прасцей і хутчэй. Калі б месца атачылі плотам, то да нас не змаглі б далучыцца новыя пратэстоўцы, было б складана перадаваць нам гарачую гарбату і ежу, ды і мы час ад часу мелі патрэбу схадзіць у туалет. Нашае становішча пагражала ўскладніцца. Дарэчы, на будоўлі быў біятуалет, які будаўнікі з пачаткам нашай акцыі перанеслі за плот, падалей ад нас.

Нашай задачай стала перашкодзіць будаўнікам дабудаваць плот. Мы чапляліся за металічныя канструкцыі і сваімі целамі не давалі ім звязваць секцыі плоту дротам. Будаўнікі спрабавалі нас адцягваць. Зноў пачалася штурханіна. Прыкладна ў гэты час прыехаў Дашкевіч. Пасля некалькіх сутычак з будаўнікамі адзін з іх сказаў Змітру: “Дайце нам дапрацаваць да 17-й гадзіны. Працоўны дзень скончыцца і мы паедзем дадому, а вы рабіце тут, што хочаце”. Дашкевіч пагадзіўся з прапановай – і мы перасталі перашкаджаць будаўнікам. Па-першае, за цэлы дзень усе стаміліся ад фізічнага супрацьстаяння на холадзе і слаце. Па-другое, разлічвалі ўначы разабраць плот. Такая тактыка была падказаная досьведам Дашкевіча: менавіта так рабілі ў 2001 – 2002 гадах першыя абаронцы Курапатаў.

17-ая гадзіна скончылася, а будаўнікі працягвалі старанна працаваць. Гледзячы на іх імпэт, падавалася, што спыняцца ў іх намеру няма. Мы падышлі да іх, каб нагадаць пра нашу джэнтэльменскую дамову, але нас праігнаравалі.

Нічога не заставалася, як зноў распачаць супрацьстаянне. Пачаліся бойкі. Але праз некаторы час будаўнікі закрылі апошнюю дзірку ў плоце. Мы, абаронцы Курапатаў, апынуліся па розныя бакі плоту: трое з шасці засталіся за плотам, іншыя трое – я, Зміцер, Арцём – на тэрыторыі будоўлі. Такім чынам, наша тройка трапіла ў атачэнне.

У гэты час Дашкевіч убачыў, што будаўнікі схапілі наш невялічкі намёт з усімі рэчамі і панеслі яго за плот. Зміцер пабег да іх. За ім Арцём. Потым я. Пакуль бег на дапамогу, бачыў як іх там будаўнікі качаюць па зямлі. Дашкевіч ляжаў у брудзе, прыціснуты зверху адным з будаўнікоў. Я падбег і скочыў на спіну таго будаўніка. У гэты момант аператар-міліцыянт у цывільным з усмешкай на твары крыкнуў: “Давай! Давай! Скокні яшчэ раз!” Я ўзгадаў, што трэба трымаць сябе ў руках, не паддавацца на правакацыі, што спецслужбы толькі і чакаюць, каб я ўчыніў тут сапраўдную бойку, каб потым было за што надоўга пасадзіць. Адышоў далей, аддыхацца і сабрацца з думкамі. Тым часам, будаўнікі выкінулі наш намёт праз плот, а блогер Раман Пратасевіч зрабіў знакамітае фота з брудным Дашкевічам.

Мы ўтрох вярнуліся да плота, за якім стаялі трое нашых маладафронтаўцаў і іншыя людзі, якія пасля працы прыйшлі далучыцца да пратэсту ці проста паглядзець. Сярод іх было шмат актывістаў апазіцыі. Цяпер нас было ўжо некалькі дзясяткаў. Людзі спрачаліся з будаўнікамі, крычалі на іх. Тыя ж адчувалі сябе пераможцамі і страцілі пільнасць. Дашкевіч, карыстаючыся лямантам вакол, сказаў некаму з нашых, каб браў абцугі і перакусваў дрот, якім сцягнуты секцыі плоту. Так, цішком, пакуль увага будаўнікоў была адцягнута абураным крыклівым натоўпам, дрот на адной секцыі плота быў перакушаны. У гэты момант Дашкевіч пачаў яе выломваць. Усе кінуліся яму на дапамогу. Будаўнікі не паспелі зрэагаваць і у нас атрымалася выламаць вялікі пралёт плоту. Так мы прарваліся з атачэння.

Будаўнікі не сталі спрабаваць аднавіць плот. Працоўны дзень скончыўся і яны пайшлі дахаты. Але не ўсе. Чалавек 15 засталося пільнаваць, каб мы за ноч не разабралі ўвесь плот. Мы ж ізноў паставілі намёт на старым месцы. Пачалі хадзіць чуткі, што будаўнікі падалі на нас заяву ў міліцыю за тое, што мы пагнулі секцыі плоту, і будзе заведзена крымінальная справа за псаванне маёмасці. Тады я пачаў разумець ўсю сур’ёзнасць сітуацыі, ў якую мы патрапілі. Але гэта толькі дадало рашучасці. Губляць не было чаго: альбо мы спынім ганебную будоўлю, альбо нас пасадзяць.

Нягледзячы на стомленасць, выкарыстоўваючы цемру, мы хадзілі і ціхенька перакусвалі дрот на плоце. Будаўнікі ў сваю чаргу пільнавалі і адганялі нас. Бліжэй да 12-й ночы пратэстоўцаў засталося зусім мала. Адна з мясцовых жыхарак, пані Вольга, прыносіла нам гарбату. Яна пацікавілася, што мы будзем рабіць далей. Я адказаў, што будзем чуваць каля намёта, хаця верагодна будаўнікі не дадуць нам разабраць плот, а заўтра раніцай пачнуць працу, даробяць яго, умацуюць, абаб’юць металічнымі лістамі, каб не было бачна, што робіцца за плотам, паб’юць нас і выкінуць за тэрыторыю будоўлі. Пані Вольгу гэта вельмі ўразіла. Пазней яна казала мне, што не магла зразумець: як гэта, мы ведаем, што з намі будзе, але ўсё роўна працягваем сваё змаганне.

Быў яшчэ цікавы момант. Прыйшоў увечары хлопец з евангельскай царквы Яна Прадвесніка. Хадзіў туды-сюды па будпляцоўцы і маліўся ўголас. Гадзін 5 напэўна маліўся. А я глядзеў на яго і думаў, ці дапамогуць яго малітвы? Бо гэта сапраўды будзе цуд Божы, калі атрымаецца спыніць будоўлю. Я асабіста не бачыў ніякіх шанцаў перамагчы.

На ноч нас з Маладога Фронта засталося тры чалавекі. Распалілі вогнішча каля намёта. Але хвілін праз дзесяць прыбеглі будаўнікі, раскідалі вогнішча і засыпалі пяском. Накінуліся на нас, адштурхнулі, сказалі: нельга тут распальваць агонь. Змагацца з імі ў нас ўжо не было ні сіл, ні жадання. Давялося ўсю ноч стаяць без вогнішча. Тэмпература нулявая. Падаў мокры снег, і да раніцы ўсе рэчы прамоклі. Я паспрабаваў залезці ў намёт паспаць пару гадзін, але было так халодна, што заснуць не змог. Дзве гадзіны праваляўся ў халодным намёце, потым выйшаў і мы з Арцёмам пайшлі ў пад’езд суседняга дома грэцца. Так і хадзілі ўсю ноч па чарзе. Дзякуй Богу, прыйшоў да нас каля 12-ай ночы адзін хлопец, прывёз паесці, гарбаты. Сказаў, што жонка да нас адправіла на пару гадзін, але ён застаўся з намі на ўсю ноч, потым ранкам на працу паехаў.

Раніцай 21 лютага 2017 г. прыехалі нашы маладафронтаўцы, якія ноччу адпачывалі. Дашкевіч прывёз цёплых сухіх рэчаў. Я апрануў нейкі бушлат, трохі цяплей стала. А 8 раніцы будаўнікі пачалі дарабліваць зламаны намі ўчора плот. Людзей, каб перашкодзіць будаўнікам, не хапала, і мы, стомленыя пасля бяссоннай ночы, вырашылі нічога не рабіць, проста чакаць, пакуль будаўнікі даробяць плот і потым нас адтуль выкінуць. Прызнаюся, вельмі чакаў гэтага моманту. Ад неймавернай стомы хацелася, каб усё як мага хутчэй скончылася. І было абыякава, як гэта скончыцца. Ужо ў першы дзень узнікла жаданне, каб нас хутчэй адтуль забраў АМАП. Мы зрабілі ўсё, што маглі, і мне асабіста было б не сорамна сысці адтуль з паразай.

Гадзіне а 10-й прыехаў Павал Севярынец. Будаўнікі на гэты момант ужо амаль дабудавалі плот і не пускалі яго на тэрыторыю будоўлі. Таму, каб прайсці да нас, Павал рушыў да іншага боку будоўлі, дзе была імправізаваная брама, якую будаўнікі пакінулі для свайго карыстання. Але і там яго не пускалі. Мы паспяшаліся туды, каб дапамагчы Паўлу прайсці, але будаўнікі па аднаму выштурхнулі нас за агароджу. Адзін з тых будаўнікоў вельмі прафесійна перакінуў мяне праз сцягно. Мы і раней заўважалі прыкметы таго, што сярод будаўнікоў ёсць пераапранутыя амапаўцы, але зараз я пераканаўся ў гэтым. Памятаю гэты прафесійны почырк яшчэ з акцыі пад сценамі КДБ. Увечары 29 кастрычніка 2016 года ў гадавіну вялікага тэрору, калі ў 1937-м годзе НКУС расстраляў больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, мы зладзілі акцыю на прыступках беларускага КДБ. Расставілі знічы вакол будынка. Акцыя неўзабаве мелася завяршыцца, калі Дашкевіч сказаў, што будзем стаяць пільнаваць, пакуль знічы не згаснуць. Праз пару гадзін падышлі супрацоўнікі камунальнай службы і пачалі выкідаць свечы ў сметніцу. Мы адбіралі іх і выстаўлялі зноў. Дворнікі адышлі. Я і Павал Пракаповіч пільнавалі на рагу КДБ, каб дворнікі не забралі тыя знічы, што стаяць з іншага боку КДБ. Астатнія былі каля цэнтральнага ўваходу. Свечкі, між тым, гарэлі і гаснуць не збіраліся. Я даведаўся ў інтэрнеце, што яны гараць да васьмі гадзін. Перспектыва пільнаваць іх да самай раніцы мне не вельмі спадабалася, таму я адправіў Пракаповіча паведаміць пра тое Змітру. Праз нейкі час я ўбачыў, як мне насустрач нясуць за рукі за ногі некага з нашых. Здорава, думаю. Пачалі забіраць, хоць не трэба будзе стаяць на марозе да раніцы. Падбягаю да іх. Нават не паспеў разгледзець, каго там нясуць. Крычу: “Адпусці яго!” Хапаю мужыка ў цывільным за руку, спрабую адарваць яго ад чалавека, якога ён нёс, але той лёгкім рухам рукі кідае мяне на зямлю. Падымаюся. Ззаду падыходзяць яшчэ двое ў цывільным. Адзін з іх кажа: “Сярожа! Чаго ты падаеш? Хадзем з намі”. – “Хадзем!” – кажу. Бяруць мяне пад рукі і мы ідзем да міліцэйскага УАЗіка. Усіх запіхнулі, акрамя мяне, і дзверы зачыняюць. “Мяне забылі!” – кажу. Адчыняюць дзверы, мяне запіхваюць, але ў багажніку ўжо месца няма, таму ўтрамбоўваюць нагой пад зад. Дашкевіча паважаюць – пасадзілі ў салон.

Так што, пасля гэтай гісторыі я магу адрозніць, як кідае прафесійны амапавец і як просты будаўнік. Упэўнены, што пераапранутыя амапаўцы сярод будаўнікоў прысутнічалі. Пасля таго, як нас выгналі з будпляцоўкі, і будаўнікі чарговы раз выкінулі наш намёт за плот, на нейкі час мы разгубіліся і не ведалі, што рабіць. Але я адчуваў палёгку, бо мне здавалася, што на гэтым ўсё скончыцца. Акцыя завяршылася. Мы сумленна адстаялі да канца і зрабілі ўсё, што маглі. Я сказаў Дашкевічу, што стаміўся і паеду дамоў адпачываць. Прыехаў дамоў, адразу кінуўся ў ложак і заснуў. Прачнуўся ўвечары каля 18-й. І які ж я быў расчараваны, калі адкрыў фэйсбук і ўбачыў, што наш намёт зноў стаіць, але ўжо каля ўваходу на будпляцоўку! Я адразу зразумеў, што гэта быў яшчэ не канец, а толькі пачатак. Акцыя пратэсту працягвалася. Таму я сабраўся і зноў паехаў у Курапаты.

Падыходзячы да будоўлі, я ўбачыў пажарную машыну, каля намёта стаяла металічная бочка, ў якой распалілі вогнішча. Пратэстоўцаў было каля двух дзясяткаў чалавек. Як высветлілася, гэта будаўнікі вызвалі пажарных, каб яны бочку нашу патушылі. Пажарныя тушыць адмовіліся: агонь не адкрыты, ніякія нормы не парушаныя. Крыху пастаялі і з’ехалі.

Другая ноч на варце прайшла спакойна. З бочкай было весялей, можна было пагрэцца. На ноч засталося каля дзесяці чалавек, але раніцай большасць з’ехала: хто на працу, хто на вучобу. А раніцай усё толькі пачынаецца. А восьмай прыйшлі будаўнікі і пачалі працу. Прыехала тэхніка, машыны прывязлі будматэр’ялы. Нас – тры чалавекі. Спрабуем спыніць грузавікі. Становімся ў іх на шляху, перад брамай на будпляцоўку. Пакуль няма журналістаў, будаўнікі паводзяць сябе вельмі агрэсіўна. Усё адбываецца такім чынам. Едзе МАЗ. Мы стаім на яго шляху. Кіроўца да апошняга хуткасць не скідае, а потым рэзка тармозіць – і машына спыняецца літаральна ў дваццаці сантыметрах ад нас. Адчыняецца брама і з будпляцоўкі выбягаюць чалавек 15 будаўнікоў. Нас хапаюць, адцягваюць ад МАЗа і кідаюць у канаву побач. Там трымаюць, не даюць падняцца, пакуль МАЗ не праедзе на тэрыторыю. Потым адпускаюць, сыходзяць назад і зачыняюць браму.

Мы ўсведамляем, што сілы не роўныя. Не хапае людзей, каб фізічна спыніць будоўлю. Некалькіх чалавек раніцай, калі пачынаюцца працы, не дастаткова. Нас проста качаюць па гразі. Быццам бы падтрымка ёсць: прывозяць гарбату, ежу, дровы, цёплыя рэчы, нават проста грошы даюць наяўнымі. За ўсе дні абароны Курапатаў я ні капейкі сваіх грошаў не патраціў. Простыя людзі прыязджалі, падтрымлівалі і цалкам забяспечвалі ўсім неабходным. Калі была ў нечым патрэба, пісалі ў фэйсбук і праз некалькі гадзін неабходнае было ўжо ў наяўнасці. Але не хапала людзей, якія былі б гатовыя разам з намі легчы пад будаўнічую тэхніку. І гэта неяк засмучала: з аднаго боку, адчувалася проста шалёная падтрымка грамадства, з іншага – не было людзей, якія сталі б поплеч з намі на шляху тэхнікі. Зміцер Дашкевіч нават напісаў пост ў фэйсбуку на гэту тэму: “Гэта ўсяго толькі бруд”. Прывяду яго тут цалкам, бо Зміцер здолеў у сваім тэксце вельмі добра і красамоўна выказаць усе тыя эмоцыі, што мы адчувалі ў той час. Да таго ж, ягоныя словы закранулі нейкія таемныя стрункі душы нашага беларускага грамадства, пасля чаго ўвага і падтрымка нашага пратэсту на парадак узмацніліся.

Гэта ўсяго толькі бруд

Ня ведаю, можа быць мы ўзяліся за непасільную ношу. Можа быць гэтым і ня трэба было займацца. Зь іншага боку, ці маглі мы так проста сажраць карумпаваны перакрой ахоўнай зоны Курапатаў і незаконную на ёй будоўлю? Каб сажралі незаўважна, было б мо і сорамна хадзіць на Дзяды паўз гэты цэнтр і потым ля крыжоў распавядаць, як мы беражэм памяць продкаў. Таму мы не сажралі. Мы разам з вамі далі бой.

Але сілы ня роўныя. 30 будаўнікоў-амапаўцаў кідаюцца на некалькі абаронцаў. Так, пад вечар падыходзіць і па 50 чалавек у дапамогу, але ўночы супрацьстаяць усёй сістэме застаецца ўсяго некалькі чалавек. Некалькі змораных чалавек – Арцём Леўчанка, Сяргей Пальчэўскі, Яроменак Уладзімір, Зьміцер Крэмянецкі – усе яны ня спалі па дзьве ночы. Сам я амаль увесь дзень працаваў, а цяпер дома. Але толькі для таго, каб за пару гадзін сна набрацца сілаў і заўтра легчы пад трактар ды на гадзіну спыніць будоўлю.

Але я запытваю вас усіх, усіх НАС – 5 тысяч пасіянарыяў з сацсетак, чаму толькі Арцём Леўчанка, якога трасе ад хваробы, ня спіць дзьве ночы? Чаму толькі Сяржук Пальчэўскі і Зьміцер Крэмянецкі ўночы супрацьстаяць будаўнікам-амапаўцам? Чаму трымаюць варту ў Курапатах Уладзь Яроменак і Раман Васільеў, у якіх дома жонкі і маленькія дзеці? Калі Курапаты нікому ня трэба – то ўсё ў норме! Але калі трэба, дык давайце адкажам на гэта пытанне: чаму яны ня сьпяць суткамі, а мы дрыхнем?

Заўтра я пад трактар лягу, але калі патрыёты не палічаць за патрэбнае выйсці і бараніць Курапаты, я сам раскідаю гэты намёт і разганю ўсіх па хатах – каб Уладзь Яроменак начаваў дома з сям’ёю, а ня ў лесе.

Тады мы прайграем. Можа быць, гэта была непасільная ноша. Мне сорамна і крыўдна прызнаць сваю паразу? Сорамна, аднак, як кажа мая дачурка Мара – любіцелька Кімаўскіх перакладаў “Сьвінкі Пэпы” – гэта бруд, гэта ўсяго толькі бруд. Але калі б я хадзіў на Дзяды паўз гэты будынак, супраць будаўніцтва якога я палец і не ўзняў бы, на душы было б такое паскудства, якое нічым і не адцерці. А так – гэта бруд, гэта ўсяго толькі бруд – абцёрся і пайшоў са спакойным сэрцам.

PS Хто больш баіцца бруду на душы, чым на твары, падыходзьце на начныя варты, каб уночы будаўнікі-амапаўцы ня зьнішчылі намёт і ня зьбілі абаронцаў. А дзень маладафронтаўцы могуць узяць і на сябе – паралізуем будоўлю па максімуму. І нават калі мы прайграем у гэтым супрацьстаянні з карупцыяй і зладзеямі, памятайце: гэта ўсяго толькі бруд – абцёрся і рушыш далей.

Гадзіне а 9-й Дашкевіч адправіў мяне па працы выправіць невялікія недаробкі. Я ўзяў шрубавёртку і паехаў на офіс “Нашай Нівы”, каб прыкруціць ручкі да шуфлядак сталоў. Там мяне журналісты на ўсялякі выпадак сфоткалі, і хто б мог падумаць, што гэта фота ім спатрэбіцца ўжо праз дзень. Потым я з’ездзіў яшчэ на адзін аб’ект і паехаў дамоў.

У ноч з 22 на 23 лютага 2017 года я знаходзіўся дома. Думаў высплюся пасля дзвюх бяссоных начэй у Курапатах. Але выспацца не лёсіла. Недзе каля чацвертай раніцы патэлефанаваў Арцём. Пракрычаў у трубку, што на лагер напалі нейкія цітушкі з каламі, папрасіў мяне хутчэй прыехаць. Я разгубіўся: што рабіць? Пачаў збірацца, знайшоў нейкую палку ў шафе, узяў з сабой, бо з пустымі рукамі ісці біцца з нейкімі цітушкамі з каламі неяк страшнавата. Выклікаў таксі. Прыязджаю ў лагер, а там ўжо міліцыя стаіць, журналісты. Цітушак няма. Арцём распавёў, што нашых ў лагеры было восем чалавек. Бард Андрэй Мельнікаў як раз спяваў свае песні пад гітару. Усе стаялі вакол бочкі ды слухалі яго. Раптам з-за рогу плота выскачылі хлопцы ў цывільным з палкамі, чалавек 15. Зміцер Крэмянецкі паспеў крыкнуць: “Пацаны, кіпіш!” Пасля гэтага яго збілі з ног і пачалі біць, пры гэтым крычалі “Слава Россіі!”, і “Белая раса!” Збілі таксама Андрэя Мельнікава, палкай па галаве атрымаў Алесь Кіркевіч, яму да крыві рассеклі скроню.

Чацвёра нашых паспелі ўцячы ў бок Курапацкага лесу. Адзін толькі не ўцякаў і застаўся цэлым, бо схапіў сякеру і адмахваўся ёй. Цітушкі з каламі да яго нават пабаяліся падыйсці. Усё гэта цягнулася не больш за хвіліну. Нападнікі паламалі намёты, перакулілі бочку годнасці, збілі каго змаглі і сышлі. Цікава, што за пару гадзін да нападу сышлі міліцыянты ў цывільным, якія ўдзень і ўначы сачылі за пратэстоўцамі і здымалі на камеру. З чаго мы зрабілі выснову, што напад быў узгоднены з міліцыяй і магчыма, міліцыяй і арганізаваны.

Натуральна, ня гледзячы на заявы ад пацярпелых, да гэтага часу нападнікаў не знайшлі.

Адразу ж пасля нападу мы пачалі аднаўляць лагер. Потым нехта прынёс яшчэ два намёты, лагер стаў пашырацца. Забудоўнік сказаў журналістам, што ў гэты дзень працы весціся не будуць. І сапраўды, на тэрыторыі будоўлі працы не вяліся, але будаўнікі пракладвалі нейкі кабель па-за будпляцоўкай. Паколькі цяжкая тэхніка не ехала, мы вырашылі ім пакуль не перашкаджаць. У гэты дзень вяліся нейкія перамовы паміж забудоўнікам і адміністрацыяй Савецкага раёна г. Мінска. Усе чакалі вынікаў у спадзяванні на тое, што ганебную будоўлю на касцях загадаюць спыніць. Але ўлады чарговы раз пацвердзілі законнасць будоўлі.

Увечары а 18-й гадзіне ў лагеры прайшоў мітынг-сход з удзелам актывістаў і мясцовых жыхароў. Было прыкладна каля ста чалавек. Збіраліся подпісы супраць будаўніцтва. Агулам актывісты і мясцовыя жыхары сабралі больш за 800 подпісаў.

Ноччу на варту засталіся 20 – 25 чалавек. Мы зрабілі высновы з нападу цітушак мінулай ноччу і арганізавалі патруль. На падыходах да пратэстнага лагера з двух бакоў на адлегласці да 50 метраў выставілі пасты па два чалавекі. Яны павінны былі папярэдзіць лагер у выпадку нападу. Праз кожныя дзве гадзіны людзей мянялі. Неабыякавыя грамадзяне прынеслі нам газавыя балончыкі, розныя ножкі ад крэслаў, металічныя пруты, каб у выпадку нападу было чым бараніцца. Патруль з сабой палкі не браў, каб не пужаць мясцовых мінакоў. У задачу патруля ўваходзіла толькі заўчасна папярэдзіць пра напад. Так што гэтым разам мы былі падрыхтаваныя да розных неспадзянак, але ноч прайшла ціха і мірна.

Барды спявалі песьні пад гітару. Прыехаў нас падтрымаць і пісьменнік Андрусь Горват. Я адзін раз схадзіў ў патруль, потым вырашыў легчы ў намёт паспрабаваць паспаць пару гадзін. Але, як і ў першую ноч, заснуць не змог. Праваляўшыся марна, вылез з намёта і пайшоў да бочкі годнасці пагрэцца. На мяне наваліўся нейкі калатун: я ўвесь тросся ад холаду і бочка мне не дапамагала. Тады адзін чалавек прапанаваў мне прайсці ў машыну аднаго з пратэстоўцаў, каб пагрэцца. Ужо потым я даведаўся, што звалі яго Зміцер Завадскі. Я трохі адагрэўся на заднім сядзенні яго машыны і вярнуўся ў лагер. Зміцер Дашкевіч, як угледзеў мяне, адразу сказаў, каб я і Арцём ехалі дадому.

Дома мне, не глядзячы на стомленасць, спаць не хацелася. Сеў на кухні і ўключыў ноўтбук. Уся фэйсбучная стужка была ў навінах пра Курапаты: заклікі далучацца, прывесці неабходнае з ежы, рэчаў і гэтак далей, і, безумоўна, захапленне намі і нашым змаганнем. Я чытаў і плакаў. Так, плакаў, таму што не разумеў, чаму так адбываецца. Пры такой падтрымцы не было каму нас падмяніць, даць адпачыць хаця б пару дзён, арганізаваць пазменную варту, не было людзей, гатовых разам з намі легчы пад тэхніку. Удзячнасць за падтрымку суседствавала з крыўдай на ўвесь свет, на гэтае жыццё.

Крыху супакоіўся і патэлефанаваў Уладзю Яроменку, які застаўся ў Курапатах, спытаць, як там ў іх справы. І ён папрасіў мяне: “Сярога, прыедзь падмяні. Я тут з нашых (з маладафронтаўцаў, маецца на ўвазе) адзін застаўся. Я таксама ноч дзяжурыў, хачу дадому з’ездзіць адпачыць”.

Я вядома пагадзіўся. Арцём спаў, і я не стаў яго будзіць, нічога яму не сказаў і паехаў. Еду ў 76-ай маршрутцы і думаю: як жа мне гэта ўсё надакучыла! Адправілі мяне паспаць, а я ўсё адно не паспаў і вось зараз мне трэба зноў туды ехаць. Калі ўжо гэта скончыцца і што трэба зрабіць, каб дакладна скончылася, пры чым мне няма розніцы як – перамогай, паразай, турмой. Я проста хачу каб ўсё скончылася. І вось, седзячы ў маршрутцы, па дарозе ў Курапаты, мне прыйшла ў галаву адна шалёная думка. Я ўзгадаў, што Зміцер Крэмянеці неяк нам паказваў свае кайданкі. У яго былі сапраўдныя старыя кайданкі з рэдкім механізмам. Цяпер такія не выпускаюць. Яны былі старыя, іржавыя і, як ён казаў, сярэдзіны 20-га стагоддзя. Я падумаў: а што калі прыкуць сябе гэтымі кайданкамі да чаго-небудзь? Гэта будзе вялікі розгалас у СМІ, улады вымушаны будуць неяк адрэагаваць і, хутчэй за ўсё, нас пасля гэтага ўпакуе АМАП (мяне дакладна) і паедзем мы на содні, і ўсё скончыцца.

Захоплены гэтай ідэяй, я прыехаў у Курапаты і адразу ж кінуўся расказваць Уладзю. Ён паглядзеў на мяне і кажа: “Ну, спытай ў Змітра, калі ён табе дасць”. Я пайшоў да Змітра Крэмянецага па кайданкі. Дзякуй Богу, жыве ён недалёка ад Курапат і як раз быў дома. Я з парога адразу ж папрасіў яго: “Зміцер, дай кайданкі! Ёсць ідэя прыкуць сябе да нейкай тэхнікі”. – Да не пытанне, бяры! – адказаў ён і адразу ж прынёс кайданкі.

Я схадзіў у Змітра ў туалет, таму што не вядома было, колькі давядзецца быць прыкутым, і вярнуўся ў Курапаты.

Падышоў да Уладзя: “- Усё добра, – кажу, – Даў”.

– Эх, не адпускаеш ты мяне дамоў! – уздыхнуў Уладзь. Я аддаў яму ключ ад кайданак і пайшоў аглядацца.

Раніцай будаўнікі не працавалі, але ўдзень пачалі працаваць, наехала тэхніка. Нашы хлопцы спрабавалі ім перашкодзіць, але, як заўсёды, сілы былі няроўныя. Хлопцы стаміліся і перасталі ім супрацьдзейнічаць. Будаўнікі расслабіліся: каля брамы на будоўлю кінулі МАЗ, не загналі яго на тэрыторыю. Брама адчынена. Вось да гэтага МАЗа і трэба прыкуцца, але да чаго канкрэтна? Спачатку хацеў да бакавога люстэрка, але сцяміў, што рукі хутка стомяцца, калі іх трымаць уверсе. Потым ўбачыў дзірку ў бамперы. Падумаў, што гэта самы лепшы варыянт: прыкуюся да бампера, лягу і буду ляжаць сабе спакойна пад МАЗам. Так і зрабіў. Паглядзеў, каб нікога не было з будаўнікоў побач, і ў патрэбны момант падышоў, прасунуў руку ў дзірку бампера і прышпіліўся кайданкамі.

Лёг на зямлю. Вакол бруд, ідзе невялікі дождж. На мне накінуты дажджавік. Ляжу ў брудзе пад МАЗам, перад вачыма рухавік машыны. Страшна. Ляжу і чытаю “Ойча наш”.

Некалькі разоў прачытаў, пакуль мяне заўважылі; ўжо трэсці пачало ад холада.

У той момант у лагеры былі журналісты. Потым мне Уладзь распавядаў, што падыходзіў да іх адразу пасля таго, як я прыкуўся: “- Паглядзіце вунь туды!” Яны паварочваліся, глядзелі – але нічога незвычайнага не бачылі, адварочваліся і працягвалі свае размовы. Як высветлілася, яны спачатку думалі, што гэта кіроўца нешта там пад МАЗам рамантуе.

Калі ж нарэшце зразумелі, што адбываецца, адразу падышлі, уключылі стрымы і пачалі мяне распытваць. Я нават не памятаю, пра што дакладна пыталіся і што я адказваў. Кажуць, што я сказаў, што буду ляжаць, пакуль не здохну. А я і не памятаю, як я гэта казаў.

Потым іншыя пратэстоўцы падышлі, пачалі паіць мяне гарбатай і нечым ад прастуды. Падклалі пад мяне карэмат. Мясцовыя жыхары пачалі прыносіць коўдры і ўкрываць мяне. Нацягнулі мне на рукі пальчаткі, падкладвалі хімічныя грэлкі. Пасля некалькіх кубкаў гарбаты, я далей піць адмовіўся. Успомніў, што магу захацець у туалет, а рэалізаваць гэту натуральную патрэбу я не ўстане. Журналісты гэта падалі так, быццам я адмаўляюся ад гарбаты, таму што сапраўды вырашыў тут здохнуць. Аднак рэальнасць больш празаічная. У выніку мяне так укуталі коўдрамі, што я нават сагрэўся. Даглядала мяне збольшага адна дзяўчына на імя Наста. Яна паіла мяне гарбатай, трымала парасон, каб мне на твар дождж не капаў, давала пакурыць. У нейкі момант пад гэтым парасонам утварылася даволі рамантычная атмасфера. Я ўжо нават не заўважаў, што адбываецца навокал.

– Ты паліш? – спытала Наста.

– Так.

– Зараз пакурым, але яны мятныя, – заўважыла яна і пачала даставаць цыгарку.

– Ой, не. Я мятныя не люблю, – адказваю я. Забыўся, у якім я стане і што выбіраць не даводзіцца.

– Добра, тады я не буду ламаць капсулу, – сказала Наста.

– Так мы курылі па чарзе, я курыў з яе рук. А потым спытаў:

– Як цябе завуць?

– Наста.

– А я Сяргей. А колькі табе гадоў?

– Дзевятнаццаць.

Пачутая інфармацыя мяне не вельмі задаволіла, таму што я палічыў яе занадта маленькай. Мне на той момант было 30. Расчараваўшыся ейным адказам, я адгарнуў галаву пад бампер.

Не гледзячы на першае расчараванне, зараз Наста займае ў маім жыцці і сэрцы вельмі значнае месца, таму пісаць пра яе больш падрабязна не буду, бо гэта вельмі асабістае. На жаль, мне не хапае смеласці апісваць сняжынкі ў партале, як гэта ўмее Алесь Кіркевіч, але менавіта яго апавяданне „Агонь нас любіць”, падштурхнула мяне да напісання сваіх ўспамінаў.

Тым часам у Курапаты прыехаў Дашкевіч. У гэты дзень ён увогуле не збіраўся прыязджаць. Планаваў вырашаць накопленыя за гэтыя дні працоўныя пытанні. Але калі ў фэйсбуку ўбачыў мяне прыкутага да МАЗа, то адразу ж прыехаў. Падышоў да мяне, спытаў, як я сябе адчуваю, і пайшоў дзвіжаваць.

Ён пераскочыў праз плот на будпляцоўку і пачаў сварыцца з будаўнікамі. Тыя накінуліся на яго, спрабавалі выштурхнуць. Ледзь да сапраўднай бойкі не дайшло. Але ў рэшце рэшт Дашкевіч апынуўся на даху трактара будаўнікоў, абвязаў сябе нейкім шнуром, каб не сцягнулі, і прамаўляў „да горада і міра”. Праз нейкі час нехта перадаў яму бел-чырвона-белы сцяг. Потым гэты вобраз Дашкевіча са сцягам на трактары стаў сымбалем абароны Курапатаў 2017-га года. .

Праляжаў я прыкутым каля дзвюх з паловай гадзін. Пасля прыехала МНС і мяне пачалі абступаць супрацоўнікі ў цывільным, адштурхоўваючы іншых пратэстоўцаў. Адцягнулі і Насту з парасонам.

У гэты момант да мяне падышоў Уладзь і сказаў: „Сярога, прыехалі эмчээснікі, зараз будуць піліць кайданкі. Давай самі адчэпімся, кайданкоў шкада”. Я пагадзіўся.

З іншага боку да мяне падпоўз супрацоўнік ў цывільным і пачаў хапаць мяне за рукі, нацёртыя кайданкамі, балюча выкручваў іх. Верагодна хацеў агледзець што за кайданкі, ці сапраўдныя. Калі пачуў, што мы самі хочам адчапіцца, перастаў перашкаджаць і стаў чакаць. Уладзь уставіў ключ і пачаў яго накручваць як шуруп у замковы механізм кайданкоў. Правую руку атрымалася вызваліць толькі з другой спробы: нешта там ключ не так як трэба накручваўся. Міліцыянт ужо схапіў мяне некуды цягнуць, але я сказаў, што так не пралезе і трэба адчапіць яшчэ левую руку, якая была прасунута ў дзірку бампера. Урэшце і яе адчапілі, я падняўся, а міліцыянт загадаў паказаць яму рукі.

– Усё добра? Пайшлі доктару пакажам. Можа трэба дапамога.

– Не, не трэба, – кажу, – усё добра.

У гэты момант я зразумеў, што ісці з ім нельга, таму што патраплю я не да доктара, а ў РАУС. Я адскочыў у супрацьлеглы бок і схапіўся за Уладзя. Абхапіў яго рукамі, а ён – мяне. Ззаду мяне абхапіў Раманыч, і так нас траіх міліцыянты пачалі штурхаць у бок сіняга буса, які яны выкарыстоўваюць падчас затрыманняў. Іншыя актывісты кінуліся нам на дапамогу, спрабавалі адштурхнуць ад нас міліцыянтаў, але іх хутка адціснулі. Мы ж утраіх так моцна ўчапіліся адзін у аднаго, што нас прасцей было разам і запіхаць у сіні бус. Так яны і паспрабавалі зрабіць. І гэта ў іх амаль атрымалася. Уладзь ужо сядзеў на прыступке буса, калі заўважыў, што за Раманам няма міліцыянта і крыкнуў: „Раманыч, ззаду люфт!” У гэты момант Раманыч пачаў рыўкамі адыходзіць назад і цягнуць нас за сабой. Так, ужо амаль загружаныя ў машыну, мы здолелі вырвацца і на некалькі метраў адысці ад буса.

Пасля гэтага міліцыянты нас збілі з ног, і мы упалі на зямлю.

Пакуль ляжалі, Раманыч увесь час крычаў, каб мы не падымаліся і не расчэпліваліся. Вакол нас з аднаго боку стаялі міліцыянты ў цывільным, а з другога – пратэстоўцы спрабавалі адштурхнуць ад нас міліцыянтаў.

Раманыч пачаў крычаць, каб астатнія падыходзілі дапамагаць.

Мужыкі! Усе сюды! Чаму тут толькі бабы адны?

Пасля гэтага набегла яшчэ шмат мужыкоў. Міліцыянты пастаялі крыху і адышлі. Відаць, па загадзе. Людзі нас абступілі з усіх бакоў, і толькі пасля таго, як мы ўпэўніліся, што вакол усе свае, падняліся і ў атачэнні натоўпа павольна рушылі ў лагер. Такім чынам, затрымаць мяне гэтым разам не атрымалася. Адно шкада, у гэтай штурханіне кайданкі згубіліся.

Мабыць, падабралі міліцыянты.

Праз некалькі хвілін падышлі два лекары, якім я даў распіску, што ад медычнай дапамогі адмаўляюся.

Таксама адразу ж наляцелі журналісты, пачалі браць інтэрв’ю. Журналіст з “Нашай Нівы” спытаў, ці ёсць у маёй сям’і рэпрэсаваныя. Я яму і расказаў пра свайго прадзеда. Мне бацькі распавядалі, што прадзеда расстралялі. Яго звалі Волесь Каралецкі. Ён бацька маёй бабулі па лініі бацькі. У 1937-м яго забралі НКВДэшнікі. Вядома толькі, што сядзеў у Воршы, дзе пахавалі не вядома. Абвінавачвалі ў тым, што ён польскі шпіён. Пасля смерці Сталіна яго рэабілітавалі. Ужо потым, некалькі месяцаў пасля, тата ездзіў з дзедам ў вёску. Там яму дзед паказаў фотаздымак таго Волеся. Усе былі здзіўлены, таму што я на яго вельмі падобны.

Потым, зусім тады не знаёмыя для мяне людзі вывезлі з Курапатаў за горад. Улічваючы, што мяне ўжо спрабавалі затрымаць, ісці дамоў было небяспечна, таму я з радасцю пагадзіўся, каб мяне схавалі.

У гэтых людзей я прабыў два дні. Спачатку ў мяне была невялікая тэмпература: ляжанне дзве з паловай гадзіны на марозе без знаку не прайшло. Але мне далі нейкіх таблетак, звадзілі ў лазню, ды і ўвогуле я добра адпачыў, таму, напэўна, і не захварэў.

Мне далі ноўтбук, і я мог сачыць, як развіваюцца падзеі далей. Толькі на наступны дзень 25-га лютага 2017 года, пачытаўшы навіны ў інтэрнэце, я зразумеў масштаб розгаласу ў грамадстве, які выклікаў мой учынак. Акрамя таго, што усе незалежныя СМІ напісалі пра ўчорашнія падзеі, цяпер нават дзяржаўная прэса ўзгадала пра Курапаты. Нават мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч – галоўны іерарх каталіцкай царквы ў Беларусі – выступіў з адмысловай заявай па Курапатах і заклікаў зрабіць ўсё магчымае, каб не трывожыць пахаваных там ахвяраў сталінскага рэжыму і шукаць прымальнага ўсімі вырашэння гэтай праблемы.

Таксама праўладныя палітычныя партыі, такія як ЛДПБ і „Гавары праўду” выказаліся супраць будоўлі ў Курапатах. Гэта быў добры знак, гэта сведчыла аб тым, што ўлады спрабуюць неяк выкруціцца з гэтай сітуацыі, адкруціць назад.

Але сапраўднай прыемнасцю была рэакцыя людзей на мой учынак. Мяне пачалі называць не іначай як героем. І я дагэтуль не ведаю, як правільна рэагаваць. Я-та сябе героем не лічу, і гэта не хлуслівая сарамлівасць. Увогуле не разумею светавы культурны феномен, калі чалавецтву патрэбны героі, міфы, казкі, паданні пра герояў, пачынаючы ад старажытнагрэцкіх пра Геракла і заканчваючы амерыканскімі коміксамі пра супермэна. Адзін чалавек не разумее, як іншы змог зрабіць той ці іншы ўчынак, і вешае на апошняга ярлык – герой. Вось толькі ярлык нічога не тлумачыць: так ты проста пагаджаешся з тым, што сам так не можаш, але гэта не дае разумення, чаму чалавек так паступіў. Сапраўды, прасцей захапляцца героем, прасцей пісаць герою лісты ў турму, прасцей на магіле героя чытаць вершы, прысвечаныя герою. Гэта прасцей, чым самому нешта зрабіць. Праўду сказала Наста Дашкевіч: „Калі б раніцай на будоўлі было хаця б 20 чалавек, то нікому не трэба было б прыкоўвацца да МАЗа”. Мне таксама страшна. Я такі ж чалавек, як і ўсе. Калі я змог зрабіць, то і іншы зможа. Не трэба шукаць герояў, харызматычных лідэраў ці яшчэ каго, трэба проста рабіць тое, што трэба, нават, калі страшна.

Да таго ж адзін і той жа чалавек можа рабіць і гераічныя ўчынкі і ганебныя злачынствы. Той жа Шухевіч, адны шануюць яго як героя, іншыя лічаць злачынцам. Ці Буры, герой, які ваяваў за незалежнасць сваёй краіны, і забойца мірных беларусаў. Таму не трэба ствараць сабе куміраў, і герояў. У сувязі з гэтым, я нават рады, што праз месяц мне выпаў шанец даказаць, што я не герой, а звычайны чалавек са сваімі моцнымі і слабымі бакамі.

22 сакавіка 2017-га года мяне арыштавала КДБ па падазрэнні ў „падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў”, артыкул 293 частка 3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – да 3-ох гадоў пазбаўлення волі. Падчас следства, не вытрымаўшы псіхалагічнага ціску, я падпісаў паперу аб супрацы з КДБ. Адседзеўшы ў СІЗА 24 содні, быў вызвалены пад падпіску аб нявыезде. Пасля вызвалення я публічна прызнаўся ў тым, што падпісаў бумагу аб супрацоўніцтве. Спадзяваўся, што гэты выпадак прымусіць многіх зняць ружовыя акуляры і перагледзець сваё стаўленне да мяне, як да героя.

Але ў той час гераізацыя маёй асобы ішла вялікімі тэмпамі. На маё меркаванне, найлепш апісваецца герой – пераможца МАЗаў у пасце ў фэйсбуку Змітра Завадскага „У Курапатах”.

У Курапатах

Я ня ведаю прычынаў, па якім людзі бароняць Курапаты. Я ні з кім тут асабліва не размаўляў. Людзі каля бочкі гавораць пра палітыку, пра ўлады, пра Чарнобыль, распавядаюць гісторыі абароны пачатку двухтысячных, спяваюць вясёлыя (і ня вельмі) песні – нашы песні. Яны жартуюць і дыскутуюць.

Але нічога не кажуць пра Курапаты, пра тое, што прымусіла іх ў гэтае паскуднае надвор’е, ноччу, быць тут. А я скажу. За сябе.

Майго прадзеда забілі. „Антысавецкая агітацыя”. Арыштавалі быццам на 5 гадоў, але ён не вярнуўся. Па заканчэнні тэрміну, прыйшла прыкладна такая паперка: „памёр ад хваробы; адразу пасля вызвалення; дадому, нажаль, не даедзе”. Такія часта дасылалі і сем’ям тых ахвяраў, каго расстралялі і адразу ж пасля арышту. Таму я ня ведаю, дзе ён пахаваны. Можа недзе ў Расеі, дзе павінен быў адбываць тэрмін, можа на роднай Магілёўшчыне, а можа дзе яшчэ… Ёсць два месцы, дзе памяць пра яго асабліва блізка кладзецца сваім святлом і боллю на маё сэрца. У роднай вёсцы і тут, у Курапатах. Пару месяцаў таму я купіў стары, амаль разбураны, домік, ў той вёсцы. Можа калі-небудзь пастаўлю там хату і буду пісаць вам кнігі – пра сям’ю, пра вёску, пра Беларусь. Як Андрусь Горват. Які таксама стаіць тут, непадалёк ад бочкі. Са сваім сябрам.

А я нікога тут ня ведаю, хаця твары амаль усе знаёмыя, з навінаў. Ну толькі што з Зміцерам Дашкевічам, было пазнаёміўся, на апошняй Плошчы. З таго часу, бывае, перасякаемся тэлефоннымі гутаркамі, па працы. Але зараз з ім не пагаворыш – яго няма каля вогнішча. Ён робіць Справу. Цяпер нешта абмяркоўвае з сябрамі, якія таксама да нас амаль не падыходзяць – патрулююць дарогі да бочкі, да сцягоў, да нас… А калі і падыдзе хто з іх, то і не гаворыць нічога. Пагрэе сабе рукі над вогнішчам, паслухае, паглядзіць і зноў ідзе ў снег, які так хутка студзіць нашы кубкі з гарбатамі і прыглушае вогнішча, без якога я б тут і гадзіны не пратрымаўся. Але ўсё адно раніцай людзей зусім не застанецца – хто пешшу, хто на таксоўцы, хто з першымі аўтобусамі паедзе дадому. І я таксама буду чакаць на восьмую гадзіну, якую ўжо сам сабе адмераў, каб нарэшце выбрацца з гэтага холаду, каб легчы ў сваю цёплую пасцелю. Ня гледзячы на тое, што а восьмай толькі пачнецца сапраўдная барацьба. На тое, што нехта з сапраўдных абаронцаў папросіць мяне застацца даўжэй. На тое, што толькі яны і будуць трымаць гэтую праклятую тэхніку, будаўнікоў і адбівацца ад супрацоўнікаў ў цывільным. Тыя, хто, здаецца, могуць лёгка абыйсціся і без гэтага вогнішча, і без цёплай пасцелі.

Здаецца. Таму што раніцай да бочкі падыдзе адзін з іх. Ён будзе так моцна, скурчыўшыся, калаціцца ад холаду, што, хіба, зараз страціць прытомнасць. Я правяду яго ў цёплую прагрэтую машыну аднаго з удзельнікаў, але не вытрымаю і залезу грэцца і сам. За нейкіх паўгадзіны абаронца паспее сагрэцца і выспацца, і вернецца да Справы, а я паеду дадому.

Бо я так ня ўмею. Як прачнуся, ў першых навінах зноў убачу гэтага хлопца. Ён прычэпіць сябе да МАЗа і закрые сабой магілы дзядоў. Будзе бараніць маю сям’ю, маю краіну, мой народ.

Але гэта будзе потым. А пакуль што я стаю тут, грэюся каля бочкі і мне здаецца, што раблю тое самае. І што заўтра трэба будзе абавязкова напісаць пра гэта ў „фэйсбуку” і „кантакце”.

Помню, калі я зноў вярнуўся ў Курапаты, мы хадзілі ўдвох з Дашкевічам на так званую Курапацкую галгофу, дзе ён ўсклаў на мяне рукі і маліўся, каб Бог дапамог мне прайсці праз гэтыя выпрабаванні меднымі трубамі. І мяркуючы па ўсім, Бог пачуў яго малітвы і зрабіў ў маім жыцці гэтую сітуацыю з распіскай аб супрацы з КДБ, каб я не зазнаваўся.

У ноч на 25 лютага 2017 года ў лагеры пратэстоўцаў заставалася каля трыццаці чалавек. Раніцай падышлі яшчэ некалькі дзясяткаў людзей. Нарэшце нашы заклікі прыходзіць раніцай, бо гэта самы складаны час, былі пачутыя, да таго ж спрыяла тое, што гэта была субота – выходны дзень. У гэты дзень будаўнікі не аднавілі працы, хаця ў іх былі такія планы. У лагеры займаліся гаспадарчымі справамі: паставілі ўжо чатыры намёты, у тым ліку вялікі вайсковы намёт, які дапамагаў ставіць народны паэт і палітык Уладзімер Някляеў.

Ноччу на 26-е лютага ў лагеры заставалася каля дваццаці чалавек. Ноч прайшла спакойна, без правакацыяў. Я у гэты час яшчэ заставаўся за горадам, таму падрабязнасцяў расказаць не магу.

У 5 гадзін вечара 26-га лютага ў Курапаты прыехалі вернікі з пяцідзесятніцкай царквы Яна Прадвесніка. Яны чыталі малітвы і выконвалі рэлігійныя спевы. Трэба адзначыць, што гэта царква, на маю думку, унікальная для Беларусі. Шмат аб чым гаворыць ужо той факт, што Зміцер Дашкевіч з’яўляецца вернікам гэтай царквы. Менавіта ён некалі і прывёў мяне туды на службу. Мяне вельмі ўразіла тое, што абсалютна ўся царква размаўляла на беларускай мове. Не толькі служэнне было беларускім, але і па-за служэннем вернікі размаўлялі між сабой толькі на беларускай мове. Я, грамадзянін Беларусі, нарадзіўся і жыў тут, упершыню ў сваім жыцці трапіў ў цалкам беларускамоўнае асяроддзе! Гэта было вельмі незвычайна, як гэта не сумна.

Мяне ахрысцілі бацькі яшчэ ў маленстве ў праваслаўную веру, і ў пратэстанцкіх цэрквах я ніколі ня быў. Таму і само служэнне, і спевы пад сучасныя музычныя інструменты мяне таксама ўразілі. Раней я зрэдку наведваў царкву, толькі па вялікіх святах, а цяпер стаў хадзіць кожную нядзелю разам з Дашкевічам. У гэтай царкве я зразумеў, што значыць мець зносіны з Богам, што значыць маліцца, і як гэта рабіць, за што я ім вельмі ўдзячны.

Вернікі гэтай царквы пастаянна наведвалі наш лагер у Курапатах, пастар праводзіў агульныя малітвы. Маліліся за абаронцаў, за нашу перамогу. Зараз у нас вядуцца спрэчкі, якую царкву можна лічыць беларускай нацыянальнай царквой – каталіцкую, праваслаўную, або ўніяцкую, але я ў гэтым пытанні вызначыўся. Для мяне гэта пратэстанцкая царква Яна Прадвесніка. Ужо потым, як прайшоў час, я даведаўся, што вернікі гэтай царквы вырашылі, што ў выпадку, калі Дашкевіча і ўсіх астатніх арыштуюць і будоўля працягнецца, то яны ўсёй царквой пойдуць класціся пад колы будаўнічай тэхнікі. Дзякуй Богу, гэта не спатрэбілася.

Увечары 26-га лютага я ўжо адчуваў сябе нармальна, аднавіў сілы і папрасіў каб мяне адвезлі назад у Курапаты. Калі прыехаў, у лагеры праводзілі кінапаказ дакументальнага фільма „Дарога праз Курапаты”. Праектар трансляваў фільм проста на плот будоўлі, на якім нацягнулі белае палатно. Людзей было каля паўсотні. Частка нечым займалася ў лагеры, частка глядзела фільм. Я падышоў бліжэй і спыніўся каля дрэва. Доўга назіраў за гэтымі людзьмі. Было прыемна бачыць, што ёсць людзі, шмат людзей, якія гатовы працягнуць тваю справу. І што, ў тым ліку і мае дзеянні натхнілі іх на гэта.

Потым я незаўважна падышоў да лагеру. Мяне адразу не заўважылі і гэта добра, бо я неяк баяўся магчымай увагі.

Ноч на 27-га лютага прайшла спакойна. У лагеры знаходзілася каля трыццаці чалавек. У нас ўжо было дзве бочкі годнасці, каля якіх пастаянна грэліся людзі, і вялікі вайсковы намёт з абагравальнікамі, якія піталіся ад генератара. Дзякуючы генератару, правялі нават асвятленне, бо гарадскія ўлады яшчэ ў другі дзень абароны Курапат адключылі каля нас слупы з вулічнымі ліхтарамі.

Усе з трывогай чакалі раніцы. Тое, што будаўнікі не працавалі ў суботу і нядзелю можна было патлумачыць тым, што гэта выходныя. Таму ўсе з трывогай чакалі, што працы адновяцца ў панядзелак.

Прыкладна а палове восьмай 27-га лютага да будоўлі падышлі два будаўнікі. Іх спрабавалі не пускаць, але яны патлумачылі, што прыйшлі толькі за рэчамі і працаваць не будуць. Іх пагадзіліся прапусціць. Я за ўсім гэтым проста назіраў, актыўнасці ніякай не праяўляў. І так было шмат жадаючых паўдзельнічаць у супрацьстаянні з будаўнікамі. Я проста стаяў і атрымліваў задавальненне ад таго, што мне ўжо не трэба лезці, як казаў Дашкевіч, у пралом, за мяне ўсё зробяць.

Праз хвілін 10 – 15 будаўнікі выйшлі з рэчамі. Дашкевіч паразмаўляў з прарабам і той запэўніў, што сёння працы весціся ня будуць. Пазней, праз пару гадзін, будаўнікі вывелі з тэрыторыі будаўнічую машыну. Пратэстоўцы віталі такі крок воклічамі „Жыве Беларусь!” і апладысментамі. Зрабілі нават першае пераможнае сэлфі каля трактара будаўнікоў. Было адчуванне невялікай перамогі, але расслабляцца ніхто не збіраўся. Далейшы лёс будоўлі быў нявызначаны, і ўсе рыхтаваліся да далейшай барацьбы.

28-га лютага а 7-й гадзіне раніцы будаўнікі вывелі з тэрыторыі будоўлі экскаватар. Працы не аднавіліся. Кіроўца экскаватара сказаў, што некалькі дзён працы весціся не будуць. І сапраўды, цэлы дзень працы не вяліся.

На наступны дзень 1 сакавіка 2017 года адбылася сустрэча ў Мінгарвыканкаме прадстаўнікоў грамадскасці са старшынём гарвыканкама Андрэем Шорацам. Ён настойваў, што будоўля ў Курапатах законная, але паведаміў, што працы будуць прыпыненыя да канца тыдня. З аднаго боку, навіна безумоўна ўзрадвала, але заставалася трывога з-за таго, што канчатковае рашэнне зноў адклалася, і заставалася верагоднасць аднаўлення будоўлі.

Раніцай 2 сакавіка будаўнікі пачалі вывозіць будаўнічыя матэрыялы і бытоўкі. А потым Дашкевіч пайшоў на сустрэчу з кіраўніком „Белрэканструкцыі”, які з’яўляецца ўласнікам будоўлі каля Курапатаў Ігарам Анішчанкам. Зміцер недзе знайшоў яго тэлефон, сам патэлефанаваў яму і дамовіўся аб сустрэчы.

На сустрэчы Анішчанка запэўніваў Змітра, што будаваць яны ў Курапатах не будуць, паколькі немагчыма працаваць, калі людзі кідаюцца пад тэхніку. Таксама Анішчанка дзякаваў за пратэст, сказаў, што пра пахаванні там яны не чулі і на грамадскіх слуханнях гэта тэма не ўзнімалася. У любым выпадку забудоўнік абраў правільнае рашэнне. Дзяржаўныя чыноўнікі, як заўсёды, цягнулі з прыняццем рашэння, ніхто з іх не хацеў браць на сябе адказнасць. У такой сітуацыі адзіна правільным было для забудоўніка па сваёй ініцыятыве спыніць працы. Учынак Анішчанка ўсе ацанілі як адзіна правільнае рашэнне захаваць рэпутацыю. Таксама будаўнікі адмовіліся ад ідэі судзіцца з намі за пашкоджаны ў першы дзень пратэста плот. Мяркую таксама, будаўнікі, якія з намі ўчынялі бойкі, не хацелі, каб з іх дапамогай нас саджалі, бо ім давялося б выступаць у якасці сведак у судзе. Хочацца верыць, што простыя рабацягі пераасэнсавалі сваё стаўленне да ўсёй гэтай сітуацыі.

Таксама ў гэты дзень у падтрымку пратэстоўцаў выказаўся і Зянон Пазняк. Што б там ні казалі, а дабраславення ад чалавека, які адкрыў ўсім праўду пра Курапаты ў 1989-ым годзе, усе чакалі і не разумелі, чаму ён дагэтуль маўчыць. Зянон Пазняк – легендарная асоба ў сучаснай беларускай палітыцы, таму яго слова мела вельмі вялікае значэнне.

3-га сакавіка з раніцы будаўнікі вывезлі бетонныя пліты. На будпляцоўцы амаль нічога не засталося акрамя плота. А 18-й каля пратэстнага лагера пачаўся мітынг. Ён планаваўся яшчэ на пачатку тыдня. Прыйшло каля дзвюх соцен чалавек – гэта была самая вялікая колькасць пратэстоўцаў за ўсю акцыю пратэсту. Мала гэта ці многа? Усё адносна. Для двухмільённага Менска напэўна мала. А калі ўлічыць, што на пачатку было толькі шэсць чалавек, то многа. На мітынгу адчуваўся пераможны настрой. Ён стаў лагічным завяршэннем нашай барацьбы за Курапаты. На мітынгу абвясцілі, што лагер будзе згорнуты ў панядзелак. Увогуле, было шмат людзей налаштаваных на працяг пратэсту, за далейшае існаванне лагера, бо ніякіх юрыдычных гарантый, што будоўля не адновіцца, не было. Былі толькі словы забудоўніка. Але мы палічылі, што гэта самы зручны момант, каб звярнуць лагер: мэты мы фактычна дасягнулі – будоўля спынілася. І, мяркуючы па тым, што на будоўлі не засталося ні будматэрыялаў, ні тэхнікі, яна не будзе адноўлена ў бліжэйшы час. Сядзець і ахоўваць плот, за якім нічога не адбываецца, было б глупствам. Да ўсяго, мы былі гатовыя ў выпадку аднаўлення прац прыйсці і пачаць пратэст аднова. А цяпер прыйшоў час заняцца сваімі справамі, пайсці зарабляць грошы, бо два тыдні жылі за кошт таго, што неабыякавыя людзі прыносілі ў лагер.

4 і 5 сакавіка 2017 года значных падзей ў Курапатах не было. Адчуваўся нават смутак па тым, як усё пачыналася, па самаадданай барацьбе. Усе разумелі, што прынялі ўдзел у значных гістарычных падзеях. І вось ўсё хутка скончыцца. У апошнія дні наш лагер ператварыўся ў такую сабе тусоўку, дзе людзі апазіцыйных поглядаў маглі сустракацца, абмяркоўваць нешта, проста бавіць час сярод людзей адных поглядаў. Часта прысутнічалі барды – Андрэй Мельнікаў, Зміцер Захарэвіч, Анатоль Кудласевіч. Яны гралі на гітары свае песьні. Больш за ўсіх мяне ўразіў Андрэй Мельнікаў. Ён пастаянна знаходзіўся ў лагеры, пацярпеў пры нападзе на лагер цітушак з каламі, а ў адну з апошніх начэй даў сапраўдны канцэрт. Па маіх падліках больш за шэсць гадзін спяваў пад гітару розныя патрыятычныя песні. Перарываўся, толькі каб папіць гарбаты. Такія канцэрты раз ў жыцці бываюць, калі ў сяброўскай атмасферы, каля бочкі з агнём легендарны спявак ўсю ноч выконвае свае песні.

Да нас таксама прыязджалі і іншыя выканаўцы – Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, NAKA, Дзецюкі, Патрыцыя Свіціна, Пётр Клюеў і іншыя, даруйце, калі каго забыў. Ладзілі невялікія канцэрты ў нашу падтрымку. Для іх адмыслова зрабілі невялічкую сцэну ў лагеры. Прывезлі нават піяніна. Некаторыя выканаўцы прыязджалі са сваім прафесійным абсталяваннем.

Ня гледзячы на тое, што будоўля была спынена і стала зразумела, што мы фактычна перамаглі, да апошняга дня да нас далучаліся новыя людзі з усёй Беларусі. Напрыклад, Андрэй Катляроў прыехаў з вёскі Мядзельскага раёну. Пры чым ён атрымаў дабраславенне на гэта ад сваёй сям’і. Яны збіраліся разам, раіліся і вырашылі, што яму трэба ехаць. Вельмі ўсцешвае, што ёсць такія патрыёты ў невялікіх беларускіх вёсачках. Гэта ламае стэрыятыпы, згодна з якімі ў вёсцы жывуць апалітычныя, абыякавыя да ўсяго людзі, а ўсё палітычнае жыццё канцэнтруецца ў сталіцы. Да нас прыязджалі з Пухавіч, Гомелю, Ліды, Вялейкі, Баранавіч, Воршы, Асіповіч, Барысава, Жодзіна і інш.

6 сакавіка 2017 года быў апошні, пятнаццаты дзень Курапацкай варты. Ураніцы мы пачалі згортваць лагер. Разабралі намёты, вывезлі рэчы, дзьве машыны паддонаў, якія мы сцялілі на зямлю, каб не хадзіць па бруду. Зрабілі апошні сумесны фатаздымак. Распісаліся на бела-чырвона-белым сцягу.

Працы ішлі цэлы дзень і дня нам не хапіла. Да глыбокай ночы дапальвалі ў бочках смецце і гнілыя паддоны. Зрабілі невялічкі салют ўвечары ў гонар перамогі, нехта прынёс феерверк, і яго запусцілі недалёка ад лагера над кальцавой дарогай. Урэшце, недагарэлае вуголле высыпалі каля лагера ў яму і засыпалі зямлёй. Такім чынам, ад лагера не засталося і знаку. Але вакол будоўлі застаўся стаяць неразабраны плот. І ён – гэты плот – сведчыў, што перамога наша няпоўная.

Ужо на наступны дзень 7 сакавіка мяне ў пад’езде майго дома чакалі АМАПаўцы, па традыцыі ў цывільным. Мая маці ўбачыла праз вакно, што я іду, і сама адчыніла дзверы. Так яна стала сведкай майго затрымання. Я ёй толькі сумку перадаў і пайшоў з міліцыянтамі. Мяне павезлі адразу ў суд, дзе далі трое содняў адміністрацыйнага арышту за несанкцыянаванае мерапрыемства. Такім чынам, улады адпомсцілі за Курапаты. Пасля гэтага, стала зразумела, што лібералізацыя, якая цягнулася амаль паўтары гады, скончылася. Зноў пачалі палітычных актывістаў саджаць на содні. Дашкевіч гэтыя дні, пакуль я сядзеў, не выходзіў з дома без тэлефона. Перад выхадм заўсёды ўключаў стрым у фэйсбуку. Міліцыянтам давялося затрымліваць яго ў прамым эфіры падчас стрыму. Гэта адбылося ў дзень, калі мяне вызвалялі. Таму я яшчэ паспеў да яго на суд схадзіць. Яму таксама далі трое содняў.

Пасля нас іншым актывістам апазіцыі пачалі даваць і па 10, і па 15 содняў. Паралельна з абаронай Курапатаў у многіх гарадах Беларусі праходзілі акцыі супраць дэкрэта аб „дармаедах”. Сітуацыя ў краіне відавочна выходзіла з-пад кантролю ўладаў, таму яны вярнуліся да жорсткіх рэпрэсіўных метадаў. 25 сакавіка 2017 года пад час вулічнай пратэстнай акцыі апазіцыі, прымеркаванай да дня Волі, міліцыянты затрымалі больш за 700 чалавек. Нас жа затрымалі яшчэ 22 сакавіка. КДБ распачаў крымінальную справу аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў і арыштаваў па гэтай справе больш за 30 чалавек, у тым ліку, усіх шасцярых маладафронтаўцаў, якія пачыналі пратэст у Курапатах. Мяне таксама. Пасля гэтага абураныя людзі пачалі абклейваць плот будоўлі ў Курапатах нашымі фотакарткамі. Улады, відаць, палічылі за лепшае знесці плот, каб нічога на ім не вешалі. Неўзабаве плот разабралі і там не засталося нічога, што б нагадвала пра будоўлю і тыя падзеі, якія адбываліся вакол яе. Цяпер перамога стала поўнай, на жаль, для гэтага трэба было сесці ў СІЗА.

Здавалася б на гэтым усё. Мы дамагліся перамогі, хоць яна і нялёгка нам далася. Але мне здаецца, што працяг яшчэ будзе. Курапаты ніяк не хочуць увайсці ў гісторыю. Яны працягваюць быць нашай сучаснасцю і моцна ўплываюць на станаўленне беларускай нацыі. Месца, якое па задумцы сталінскіх катаў павінна было стаць пахаваннем беларускага народа, становіцца месцам яго адраджэння. Нацыянальная адраджэнне 90-х гадоў пачалося менавіта з адкрыцця ў 1989-м годзе Пазняком і іншымі праўды пра злачынствы камуністычнага рэжыма ў Курапатах. Потым, нашчадкі гэтага рэжыма, якія дагэтуль знаходзяцца пры ўладзе, пачалі спрабаваць дэскрыдытаваць гэтае месца, замоўчваць праўду, імкнуліся сцерці яе з народнай памяці. З гэтай мэтай у сярэдзіне 90-х гадоў пачалі рабіцца інфармацыйныя ўкіды пра тое, што нібыта расстрэлы ў Курапатах рабілі фашысты падчас вайны. Дзеля пошукаў доказаў гэтаму ўлады нават арганізавалі другія раскопкі ў 1998-м годзе. Натуральна, што ніякага фашысцкага следу ў расстрэлах у Курапатах знойдзена не было.

У 2012 годзе каля Курапат, захапіўшы частку ахоўнай зоны мемарыялу, узвялі забаўляльны комплекс пад назвай „Бульбаш хол”. Тады грамадскасць таксама пратэставала супраць гэтай установы. У выніку “Бульбаш хол” дагэтуль не пачаў працу.

У 2017 годзе зноў спрабуюць пабудаваць у ахоўнай зоне Курапат бізнэс-цэнтр. Пачалася другая абарона Курапат. Гэтым разам нічога пабудаваць там не змаглі і ўсё скончылася цягам 15 дзён. Напрыканцы 2017 года ў СМІ з’явілася інфармацыя, нібыта той “Бульбаш хол” хутка адчыніцца і пачне працу.

Курапаты ўпарта не хочуць станавіцца гісторыяй і дагэтуль вызначаюць развіццё і станаўленне беларускага народа, праз выпрабаванні адраджаюць гэты народ, развіваюць грамадзянскую супольнасць, самасвядомасць, прымушаюць узгадваць свае нацыянальныя каштоўнасці і нацыянальную годнасць.

Таму магу з ўпэўненасцю сказаць, што пакуль будзе існаваць народны мемарыял у Курапатах, Беларусь будзе жыць, будзе жыць беларускі народ, будзе існаваць беларуская дзяржава.

Застаецца толькі верыць, што сярод беларусаў заўсёды знойдуцца тыя, якія гэтаксама будуць самаахвярна бараніць Курапаты, як і мы ў 2017-м годзе, а можа і яшчэ лепш.

Сяргей Пальчэўскі