Адметная Вілейка
У Вілейскім раёне вялікая канцэнтрацыя помнікаў: гістарычных, археалагічных, архітэктурных і геалагічных. З іх 26 занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
Горад Вілейка ў пісьмовых крыніцах ўпамінаецца з 1460 г. Археалагічныя здабыткі сведчаць, што жыццё ўзнікла тут нашмат раней: стаянка першабытных людзей блізу вёсак Асташкава і Сосенка.
У 19 ст. Вілейка моцна пацярпела ад пажару і горад пачалі рэканструяваць. Многія будынкі сучаснага горада былі закладзены менавіта ў той час (канец 19-пач. 20 стст.). Штурком для далейшага развіцця горада паслужыла пабудова Вілейскага чыгуначнага вакзала (1904 г.).
У 1917 г. у Вілейцы ўсталявалася савецкая ўлада, якая прабыла тут нядоўга, паколькі горад занялі кайзераўскія войскі. Пасля падзей 18 сакавіка 1921 г. Вілейка адышла ў склад ІІ Рэчы Паспалітай.
У гэты час (1921-1939 гг.) на Вілейшчыне пачаўся новы ўздым нацыянальна-вызвольнай барацьбы. Былі арганізаваны мясцовая арганізацыя Таварыства беларускай школы (ТБШ), Беларуская сялянская-рабочая грамада (БСРГ), былі ячэйкі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ).
Вілейская турма “адкрыла” дзверы многім грамадска-культурным дзеячам: Валянцін Таўлай, Максім Танк, Алесь Дубровіч, Ганна Новік, Муха-Мухноўскі. Сядзеў тут і першы рэдактар “Нашай Нівы” Аляксандр Уласаў (13 месяцаў), адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі Антон Луцкевіч. Арыштантам Вілейскай турмы быў і Фелікс Дзяржынскі. Сядзела тут і шмат удзельнікаў паўстання 1863-64 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, былі і арыштанты Даўгінаўскага бунту. У 1935 г. сюды папалі і нарачанскія рыбакі за сваю забастоўку супраць падатковай палітыкі польскага ўраду.
Будынак сумнавядомай Вілейскай турмы, якая не пуставала з моманту свайго адкрыцця. Вілейская турма, як і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, выкарыстоўваліся для ізаляцыі “грамадска-небяспечных элементаў” (палітвязняў). У 1939 г. у турму пачалі трапляць яшчэ адны небяспечныя элементы – “ворагі народа”. Сумны лёс напаткаў вязняў падчас эвакуацыі ў чэрвені 1941 г. Большасць з іх загінула, сярод іх быў і Антон Луцкевіч. У 1964 г. турма спыніла сваю дзейнасць, а будынак быў перададзены анкалагічнаму дыспансеру.
Парэшткі часткі загінуўшых вязнеў у 1941 г. былі знойдзены восенню 1994 г. Першая частка костак была адкапана ў 1966 г., але іх спісалі як ахвяр нямецка-фашысцкай акупацыі. Парэшткі, знойдзеныя ў 1994 г., па вялікай верагоднасці, ахвяры НКУС, былі перапахаваны на Лясных могілках у 1995 г. Фота з калекцыі Дзяніса Канецкага.
Парэшткі вязняў Вілейскай турмы, знойдзеных у 1994 г. Фота з калекцыі Дзяніса Канецкага.
Будынак, дзе знаходзіўся Корпус Аховы Памежжа. Зараз у занядбаным стане, яго плануюць знесці.
Унутранае ўбранства былога КАПаўскага будынка.
Графіці на аўтамыйне ў Вілейцы.
Помнік з мемарыяльнай шыльдай, дзе выбіта 67 прозвішч жаўнераў Польскай Арміі, забітых падчас польска-савецкай вайны 1919-1920 гг. Урачыстае адкрыццё шыльды адбылося 15 жніўня 2016 г. Адкрыццё шыльды і пошук прозвішчаў салдат адбыліся дзякуючы намаганням польскага дыпламата Адама Качынскага.
Магілы польскіх жаўнераў на польскіх вайсковых могілках у Вілейцы. Добраўпарадкаванне могілак адбылося ў 2016 г.
Скульптура Вілія-Вільяна. На шыльдзе нанесена схема экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча па Віліі, якая адбылася ў 1857 г. Скульптура была пастаўлена ў Вілейцы ў 2007 г. на 150- годдзе экспедыцыі.
Сучаснае культурнае жыццё ў горадзе.
Жыццё жанчын “за польскім часам” у Вілейцы. 20-30-я гг. ХХ ст. Фота з калекцыі Дзяніса Канецкага.
Батурынскі касцёл, Пятроўскі фэст на якім была агучана ідэя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Фота з калекцыі Дзяніса Канецкага.
Уля Шубзда, Ганна Шарэнда, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Краязнаўча-турыстычную перадачу «Уздоўж падзеленай Беларусі» слухайце на нашых хвалях у 11:20 і 21:35 па польскім часе, па беларускім на гадзіну пазней. З 09 па 27 ліпеня ў кожны будзённы дзень. 30.07 – завяршальная перадача.